У 2018 годзе ў Менску адкрыюцца тры новыя гасцініцы
У 2018 годзе ў беларускай сталіцы адкрыюцца тры новыя гасцініцы крыху больш чым на 300 нумароў, паведаміў 17 студзеня на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення бытавога і гасцінічнага абслугоўвання насельніцтва Менгарвыканкама Юрый Натычка.
У сакавіку-красавіку павінен запрацаваць французскі гатэль Mercure на вуліцы Зыбіцкай, затым да канца года яшчэ два — у цэнтры горада за кінатэатрам „Перамога” і ў мікрараёне Лябяжы.
Сёння гасцінічны фонд сталіцы складае 51 гасцініца агульнай умяшчальнасцю каля 6 тысяч нумароў. У тым ліку летась адкрыліся дзве новыя гасцініцы — „Паланэз” на 16 нумароў на вуліцы Алаізы Пашкевіч і Willing Hotel Minsk на вуліцы Леніна на 120 нумароў.
Таксама Натычка адзначыў, што тарыфы на пражыванне ў гасцініцах з году ў год зніжаюцца. „Такі трэнд мы назіраем на працягу апошніх гадоў шасці, — сказаў ён. — Штогод у сярэднім тарыфы на пражыванне ў гатэлях у Менску ў доларавым эквіваленце зніжаюцца на 3-7%. У некаторыя гады зніжэнне дасягала 10%”. На яго думку, гэта зніжэнне тлумачыцца ростам канкурэнцыі на рынку.