Завяршаецца рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты



18 студзеня завяршаецца рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў, выбары якіх адбудуцца 18 лютага.

Усяго кандыдатамі ў дэпутаты было вылучана 22,7 тысяч чалавек, у тым ліку грамадзянамі шляхам збору подпісаў — прыблізна 16,5 тысяч, працоўнымі калектывамі — больш за 6,5 тысяч, палітычнымі партыямі — 993.

Вечарам 17 студзеня былі зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты Менскага гарадскога савета. На 57 акругаў прэтэндавалі 345 чалавек.

Паспяхова прайшлі рэгістрацыю, напрыклад, экс-кандыдат у прэзідэнты, сустаршыня кампаніі „Гавары праўду” Таццяна Караткевіч, лідар грамадскага аб’яднання „Альтэрнатыва” (зарэгістраванае ў Латвіі) Алег Корбан, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў. Не прайшоў рэгістрацыю намеснік старшыні Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук.

Перадвыбарная агітацыя пачнецца з моманту рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты і будзе доўжыцца да 17 лютага.

Дэпутаты будуць абірацца ў 1 309 мясцовых саветаў па 18 111 акругах.

БелаПАН

Фота pvby.org