У Гародні прадставілі «Беларускі гістарычны анекдот»
Унікальнае выданне пра больш як 100 асоб беларускага грамадства прадставіў ў Гародні журналіст і пісьменнік Сяргей Шапран. Прэзентацыя гэтага выдання адбылася ў гарадзенскім «Цэнтры гарадскога жыцця».
Пра гісторыю стварэння кнігі распавядае Сяргей Шапран:
— Ідэя кнігі ўзнікла яшчэ 15 гадоў таму пры знаёмстве з прафесарам эстэтыкі Юрыем Борэвым, аўтарам трохтомнага выдання «ХХ стагоддзе ў анекдотах і паданнях». Я тады спытаў у Юрыя Барысавіча: ці ведае ён хоць адзін беларускі гістарычны анекдот, і аказалася, што не. Мне падалося гэта несправядлівым. Бо ёсць і гістарычныя асобы ў беларусаў, ёсць і анекдоты, анекдатычныя гісторыі, але яны практычна не сабраныя.
Для гарадзенцаў, што прыйшлі на сустрэчу з аўтарам кнігі – гэта была унікальная магчымасць даведацца цікавыя гісторыі пра вядомых беларусаў:
— Сустрэча спадабалася мажлівасцю паслухаць смешныя аповеды пра беларускіх дзеячаў культуры і палітыкі, якія звычайна не трапляюць у медыя, а цяпер такая магчымасць ёсць.
— Калі я яшчэ ўбачыла, што выходзіць гэтая кніга на Талацэ. Мне, як філолагу, было цікава даведацца пра тое, чаму ва ўніверсітэце на занятках па беларускай літаратуры напэўна не скажуць, і што я ў будучыні магу паставіць такую кнігу ў сваю бібліятэку.
Наклад выдання 1000 асобнікаў і з’явілася яно ў свет дзякуючы краўдфандынгавай кампаніі на “Талацэ”. Па словах Сяргея Шапрана за тыдзень ужо разышлося больш за палову накладу.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя