Будучых кандыдатаў ад улады піяраць у дзяржаўных СМІ
Напярэдадні выбараў, яшчэ да рэгістрацыі кандыдатаў, у Бярозаўскай раённай газеце “Маяк” друкуецца нямала артыкулаў, прысвечаных будучым кандыдатам ад улады. Напрыклад, у нядаўнім нумары “Маяка” было размешчана інтэрв’ю журналіста Мікалая Сінкевіча “Добра і надоўга” з начальнікам Бярозаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандрам Пятроўскім. Ён балатуецца ў раённы і абласны саветы дэпутатаў па тых жа акругах, дзе балатуецца Аляксандр Кабанаў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кажа сябра Праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржук Русецкі:
– Даюцца фатаздымкі будучых кандыдатаў. Трэба адзначыць, што гэта не першы і не апошні артыкул, у якім выбаршчыкаў знаёмяць з працаю, меркаваннямі, думкамі будучых кандыдатаў, якія ў выніку мусяць стаць дэпутатамі раённага савета.
Паводле Сяржука Русецкага, гэта ўжо сталая практыка заўчаснай рэкламы праўладных будучых кандыдатаў, якую нельга абскардзіць. З адказаў чыноўнікаў вынікае, што гэта не звязана з выбарамі, а толькі з прафесійнай дзейнасцю асобы.
Беларускае Радыё Рацыя