Малдова можа выйсці з СНД
Сярод прычын выхаду з СНД называецца ваенная агрэсія Расеі супраць Малдовы ў 1992 годзе і акупацыя і анексія часткі тэрыторыі Украіны. Парламент Малдовы мае намер разгледзець праект пастановы аб выхадзе краіны з СНД.
Парламент Малдовы
Праект аб дэнансацыі Малдовай Пагаднення аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў у заканадаўчым органе зарэгістравалі дэпутаты ад Ліберальнай партыі. Раней такую ініцыятыву абмяркоўвалі ў кіраўніцтве дэмпартыяў, паведамляе Newsmaker.
Як сцвярджаюць аўтары праекта, Расейская Федэрацыя неаднаразова парушала Пагадненне аб стварэнні СНД. Лібералы лічаць, што гэта выяўлялася „ў падтрымцы сепаратысцкага рэжыму ў Прыднястроўі”, у „ваеннай агрэсіі супраць Рэспублікі Малдова ў 1992 годзе, у ” акупацыі і анексіі часткі тэрыторыі суверэннай Украіны „.
„Сяброўства ў СНД не прынесла Малдове нічога, усе рашэнні ў гэтай арганізацыі прымаюць выключна ў інтарэсах Расеі”, – гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да праекту.
Аўтары таксама адзначаюць, што першы дэмакратычны парламент Малдовы (1990-1994) адмовіўся ўступаць у СНД.
„Улічваючы, што Расейская Федэрацыя не выконвае палажэнні Пагаднення аб стварэнні СНД, а Рэспубліка Малдова імкнецца ў ЕЗ, лічым неабходным дэнансаваць Пагадненне аб стварэнні СНД”, – адзначаецца ў дакуменце.
У той жа час прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон назваў ініцыятыву лібералаў „рызыкоўным праектам”.
„Што значыць выхад з СНД? Гэта значыць, што мы выходзім з усіх пагадненняў, якія ў нас ёсць”, – заявіў Дадон ў эфіры праграмы Important на TVC21. Паводле яго слоў, выхад Малдовы з СНД паўплывае на 600 тысяч грамадзян Малдовы, якія знаходзяцца ў гэтых краінах.
Як паведамлялася, Малдова адклікала амбасадара з Расеі. Раней Малдова зацвердзіла рэадмісію з Украінай.