Макей: Перамовы па Украіне можна перанесці хоць у Антарктыду
Беларусь за лаўрамі міратворца не гоніцца ў адрозненне ад іншых, сказаў кіраўнік беларускага МЗСу Уладзімір Макей, каментуючы заяву прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева аб магчымым пераносе перамоў па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне з Менска ў іншае месца.
Макей нагадаў, што „не Беларусь напрошвалася ў якасці пляцоўкі для правядзення перамоў па Украіне, а кіраўнікі краін „нармандскай чацвёркі „выказалі просьбу да Аляксандра Лукашэнкі прыняць у сябе ўдзельнікаў сустрэч па ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту”.
На думку Макея, „наўрад ці што-небудзь залежыць ад месца правядзення перамоваў”. „Перамовы па Украіне можна перанесці хоць у Антарктыду, калі будзе ўпэўненасць у іх посьпеху”, – заявіў міністр. „Але для з’яўлення гэтай упэўненасці трэба, каб усе залучаныя ў гэты канфлікт бакі, а таксама нібыта ” староннія „, але вельмі зацікаўленыя дзяржавы былі шчыра нацэлены на спыненне кровапраліцця”, – дадаў Макей.
18 студзеня на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Савета бяспекі ААН у Нью-Ёрку Назарбаеў паведаміў, што прапанова перанесці перамовы з Менска прагучала ад прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Чарговыя, першыя ў 2018 годзе, перамовы трохбаковай кантактнай групы аб урэгуляванні сітуацыі ва Украіне адбыліся ў Менску 18 студзеня. Па іх выніках спецпрадстаўнік дзеючага старшыні АБСЕ ў кантактнай групе Марцін Сайдик паведаміў, што бакі канфлікту абмяркоўваюць перспектывы далейшага абмену палоннымі. Паводле яго слоў, першы за 15 месяцаў паспяховы абмен палоннымі, які адбыўся 27 снежня, кажа пра тое, што „пры наяўнасці палітычнай волі бакі канфлікту могуць прыйсці да згоды нават па самых складаных пытаннях”. Сайдик падкрэсліў, што з моманту апошняй сустрэчы кантактнай групы прайшоў амаль месяц, але праца ў гэты перыяд не спынялася.