Пару слоў пра ратаванне на водах… І не толькі



Пярэдадзень праваслаўнага Вадохрышча ў Беларусі радуе спакойным і прыгожым надвор’ем – снег і лёгкі мароз… Але экстрыму заўжды ёсць месца ў нашым жыцці!

Вадохрышча без фота з ледзяной палонкі? Несур’ёзна. Яшчэ лепш – “запіліць” сэлфі. 19 студзеня ў Беларусі адзначаецца Дзень ратаўніка. Невыпадкова? Ва ўсякім выпадку, работнікі МНС загадзя падрыхтавалі парады для аматараў даць нырца ў гэты зімовы дзень. Хіба варта зберагчы іх час ды нервы сваіх блізкіх, праўда ж? Пару важных рэчаў…

Ніякага алкаголю і плавання пад вадой – трымайце галаву цвярозай ды сухой! Акунацца варта ў спецыяльна абсталяваных палонках ля берага. Пажадана – паблізу выратавальных станцый, пад наглядам спецыялістаў. Размінка, прабежка, зручны абутак. Хвіліна часу непасрэдна на водныя працэдуры. Махровы ручнік, сухая вопратка і гарачая гарбата ў тэрмасе постфактум – пасля “купання”. Лепш абысціся без сэлфі – папрасіце вас “шчоўкнуць” таго, хто будзе побач (і з сухімі рукамі!)

Апрача аматараў даць нырца ў ваду на свята, ратаўнікі маюць яшчэ адзін клопат – вясковыя хаты з вясковымі ж печкамі. У зімовае марознае надвор’е нельга праграваць дом, моцна прапаліўшы печ адзін раз на дзень. Пажадана рабіць гэта 2-3 разы.

Ратавальнікі наведваюць некаторыя прыватныя падворкі – такі сабе маніторынг стану пячнога ацяплення… Застаецца пераканаць вясковых жыхароў (асабліва пажылых жанчынак!), што такая схема паліць у печы – аптымальны (правільны!) варыянт.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ