Вадзіма Саранчукова зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты



Кіраўніка Гарадзенскай абласной арганізацыі партыі БНФ Вадзіма Саранчукова зарэгістравалі кандыдатам ў дэпутаты ў гарадскі савет Гародні. Аднак па словах палітыка выбарчая кампанія, якая мусіла распачацца 19 студзеня, фактычна тармозіцца прадстаўнікамі ўлады.

Кажа Вадзім Саранчукоў:

– Бюракратычныя моманты яшчэ не скончыліся, сёння, напрыклад, я быў у камісіі, каб забраць кандыдацкія пасведчанні. Пасведчанні яшчэ не гатовыя. То бок, агітацыйная кампанія тармозіцца… Безумоўна, мы будзем выкарыстоўваць магчымасці гэтай кампаніі, спрабаваць выкарыстоўваць для пікетаў, для распаўсюду матэрыялаў. Зараз акурат займаюся падрыхтоўкай арганізацыйных момантаў: трэба адкрыць рахунак, трэба знайсці грошы і пакласці грошы на гэты рахунак, трэба знайсці друкарню, папярэдняя дамова ёсць, але трэба канчаткова дамовіцца з друкам матэрыялаў.

Вадзім Саранчукоў канстатуе, што сёлетнія мясцовыя выбары адбываюцца без уключэння сяброў партыі ў камісіі і верагоднее за ўсё пройдуць па ўжо запланаваным уладамі сценары, калі ў дэпутаты не пройдзе ніводзін з прадстаўнікоў апазіцыі. 

Беларускае Радыё Рацыя