У Воршы мужчына пагражаў узарваць бытавы газ у дзевяціпавярховіку



19 студзеня ў 14.39 у Воршы (Віцебская вобласць) ратавальнікам паступіў званок ад мясцовага жыхара. Мужчына паведаміў, што збіраецца ўзарваць бытавы газ у кватэры дзевяціпавярховага жылога дома на праспекце Тэкстыльшчыкаў.

Як паведаміла прэс-служба МНС, дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання Аршанскага гаррайаддзела МНС далажыў аб надзвычайнай сітуацыі ў дзяжурную часць Аршанскага РАУС. Высветлілася, што нарад міліцыі ўжо знаходзіўся па гэтым адрасе, але патрапіць у кватэру не мог. У гэты час мужчына зноў патэлефанаваў на лінію 101. У ходзе працяглай размовы дыспетчару ўдалося ўгаварыць яго адчыніць дзверы міліцыі.

Пасля таго як міліцыянеры ўвайшлі ў кватэру, высветлілася, што на самой справе мужчына адкрыў фаеркі газавай пліты. Газавікі, якія прыбылі на месца, перакрылі газ.

Дзякуючы зладжаным дзеянням усіх службаў атрымалася пазбегнуць надзвычайнай сітуацыі, адзначыла прэс-служба МНС.

belapan.by