Чарговыя смяротныя прысуды



20 студзеня калегія па крымінальных справах Менскага гарадскога суда пасля паўторнага разгляду справы аб забойстве ў снежні 2015 года маладой пары ў доме на вуліцы Алібегава ў сталіцы і мужчыны ў пасёлку Калодзішчы (Менскі раён) вынесла прысуд.

Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка прыгавораныя да смяротнага пакарання з канфіскацыяй маёмасці.

Сухарка ўпершыню прысутнічаў у зале пасяджэнняў у клетцы з пачатку паўторнага працэсу, тады ён быў выдалены з суда з-за неадэкватных паводзін. Ён нават не гаварыў апошняга слова.

Абодва рабочыя піларамы абвінавачваліся ў забойстве трох чалавек, разбоі, крадзяжы дакументаў.

Былая актывістка БРСМ, выхавальніца дзіцячага сада Аліна Шульганава прыгавораная да 12 гадоў пазбаўлення волі без канфіскацыі маёмасці.

Яна абвінавачвалася ў арганізацыі прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, якое мела вынікам па неасцярожнасці смерць чалавека, і падрыхтоўцы да выкрадання чалавека.

15 студзеня дзяржабвінаваўца Сяргей Кротаў папрасіў прызначыць Сухарку і Жыльнікаву вышэйшую меру пакарання — смяротнае пакаранне, Шульганаву прыгаварыць да 12 гадоў пазбаўлення волі. Такое ж пакаранне ў дачыненні да двух мужчын дзяржабвінавачанне запытвала і на першым разглядзе справы ў судзе. Шульганавой дзяржабвінавачанне тады прасіла прызначыць 15 гадоў пазбаўлення волі.

Першы раз Менгарсуд абвясціў прысуд па гэтай справе 6 сакавіка 2017 года: два пажыццёвыя зняволенні і 12 гадоў пазбаўлення волі. 14 ліпеня Вярхоўны суд адправіў справу на паўторны разгляд у суд першай інстанцыі з новым складам судовай калегіі па крымінальных справах. З першым прысудам не пагадзіліся ўсе бакі працэсу. Апеляцыйныя скаргі ў ВС накіравалі абвінавачваныя, іх абаронцы і пацярпелыя.

Апеляцыйны пратэст на мяккасць прысуду Менгарсуда прынесла пракуратура.

Падчас слуханняў у Вярхоўным судзе Сухарка папрасіў замяніць яму пажыццёвае зняволенне расстрэлам.

Пацярпелыя па справе — пяць сваякоў забітых. Пры першым разглядзе суд пастанавіў спагнаць у якасці матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды з Сухаркі і Жыльнікава на карысць трох пацярпелых 40, 40 і 70 тысяч рублёў, з трох абвінавачваных на карысць двух пацярпелых — 60 і 60 тысяч рублёў.

Нагадаем, галоўны эпізод гэтай крымінальнай справы — забойства мужчыны і жанчыны ў кватэры на вуліцы Алібегава ў Мінску 16 снежня 2015 года.

Шульганава не магла змірыцца з тым, што яе былы сужыцель падтрымлівае блізкія адносіны з другой дзяўчынай. Нейкі час яны жылі ўтрох, але потым Аліну выгналі. Яна вырашыла арганізаваць выкраданне саперніцы, спецыяльна для гэтага наняла чалавека, заплаціла яму ў некалькі прыёмаў 1.400 долараў і 9 млн недэнамінаваных рублёў, але выканаўца не выканаў дамовы.

Пасля гэтага абвінавачваная „замовіла” свайму суседу Жыльнікаву і яго прыяцелю Сухарку збіццё саперніцы, каб паспрабаваць, пакуль тая будзе ў бальніцы, вярнуць былога сужыцеля. Выканаўцы ў п’яным выглядзе ўчынілі разбойны напад на кватэру ў доме па вуліцы Алібегава, дзе жылі маладыя людзі, і забілі іх абодвух, нанёсшы больш за 140 удараў нажом. Пасля гэтага забралі з кватэры ахвяр грошы, асабістыя рэчы і ўцяклі.

За збіццё Шульганава абяцала прыяцелям 5 млн недэнамінаваных рублёў: спачатку дала аванс, пасля ўчынення злачынства расплацілася канчаткова.

Падчас расследавання забойства было ўстаноўлена, што 15 снежня абвінавачваныя ўчынілі разбойны напад у Калодзішчах (Менскі раён), каб завалодаць 10 тыс. долараў. У ходзе нападу быў забіты 59-гадовы мужчына, у якога Сухарка раней здымаў пакой.

belapan.by