“Моладзь БНФ” прыняла заяву з нагоды адлічэння Ганны Смілевіч
„Моладзь БНФ” выказвае занепакоенасць станам правоў і свабод студэнтаў і выкладчыкаў беларускіх універсітэтаў. „Сёння чарговы раз гэтыя правы былі парушаныя. У Інстытуце журналістыкі БДУ пачаўся працэс адлічэння старшыні „Моладзі БНФ” Ганны Смілевіч. Мы лічым гэтае адлічэнне палітычна матываваным, бо напярэдадні супрацоўнікі КДБ праводзілі адпаведную працу з выкладчыкамі, распытвалі пра тое, ці не з’яўляецца Ганна Смілевіч кіраўніком нейкай маладзёжнай арганізацыі, як ставіцца да БНФ, БРСМ і гэтак далей. Таксама адзначаем, што да абрання кіраўніком „Моладзі БНФ” у Ганны Смілевіч не было праблем з вучобай, а адразу пасля абрання яны з’явіліся”, — гаворыцца ў заяве.
Па сутнасці, адзначаюць у „Моладзі БНФ”, адміністрацыя дзяржаўных універсітэтаў „прымае рашэнні па адлічэнні студэнтаў без узважанай, справядлівай ацэнкі паспяховасці вучобы, а згодна з загадамі ідэолагаў і спецслужбаў”.
У арганізацыі нагадваюць, што ў сакавіку 2017 года з другога курса гістарычнага факультэта БДУ „за актыўную грамадска-палітычную дзейнасць быў адлічаны экс-кіраўнік „Моладзі БНФ” Юрый Лукашэвіч„. У цэлым за 2016—2018 гады з беларускіх універсітэтаў, адзначаюць у арганізацыі, былі адлічаныя прыблізна 15 студэнтаў за іх актыўную грамадска-палітычную дзейнасць, у тым ліку за ўдзел у мірных сходах.
„Рэпрэсіі ў дачыненні да актыўных студэнтаў працягваюцца, ва ўніверсітэтах адсутнічае рэальнае самакіраванне, акадэмічная свабода. Універсітэты цалкам падкантрольныя ідэалагічным аддзелам і спэцслужбам”, — падкрэсліваюць у арганізацыі.
„Моладзь БНФ” „рашуча асуджае” выключэнне Ганны Смілевіч і выпадкі палітычнага ціску на студэнтаў. Арганізацыя патрабуе ад БДУ спыніць выключэнне Смілевіч з Інстытута журналістыкі, аднавіць намесніка старшыні Партыі БНФ Юрыя Лукашэвіча на гістарычным факультэце.
Ад усіх беларускіх універсітэтаў „Моладзь БНФ” патрабуе аднавіць на вучобе адлічаных раней за грамадска-палітычную дзейнасць студэнтаў і ніколі ў далейшым не выкарыстоўваць падобныя рэпрэсіі.
„Моладзь БНФ” таксама заклікала міжнародных партнёраў беларускіх універсітэтаў звярнуць увагу „на выпадкі парушэння правоў студэнтаў і зрабіць адпаведныя захады, каб не дапускаць такіх адлічэнняў у будучыні”.
Прычынай адлічэння 18-гадовай Смілевіч з БДУ сталі запазычанасці па здачы экзаменаў.