Домрачава выйграла мас-старт на этапе Кубку свету
Беларуска Дар’я Домрачава выйграла мас-старт на этапе Кубку свету па біятлоне. У італійскай Антэрсэльве яна намнога апярэдзіла іншых удзельніц гонкі.
Напярэдадні ў гонцы пераследу Домрачава стала трэцяй. Прычым на фінішы была зафіксаваная нетыповая сітуацыя. Беларуска змагалася з італійкай Даратэяй Вірэр за срэбра, але ў запале гонкі выпадкова наехала суперніцы на палку, якую Вірэр страціла. Пасля гэтага Домрачава ў духу фэйр-плэй не стала абганяць канкурэнтку і задаволілася бронзай.
У нядзелю тая ж Вірэр упэўнена лідзіравала да апошняга стралковага рубяжа. Аднак на гэтым практыкаванні яна двойчы не трапіла ў мішэнь і засталася ўбаку ад медальных разбораў. Дар’я Домрачава, наадварот, прамахнулася першым жа выстралам, на дыжні асабліва не спяшала, затое была бездакорнай ва ўсіх астатніх стрэльбах. А пайшоўшы першай пасля апошняга агнявога рубяжа, ДД дадала і ходам. У выніку ў другой прызёркі – Анастасіі Кузьміной са Славаччыны Дар’я выйграла ажно 12 секунд. Бронза дасталася лідарцы ў агульным заліку – фінцы Кайсе Мякярайнен.
Іншая беларуска Ірына Крыўко выступіла ў мас-старце таксама дастаткова паспяхова – яна заняла 12-е месца. Каб не промах апошнім патронам, Ірына напэўна была б у кветкавай цырымоніі. Надзея Скардзіна не выйшла на гэты старт з-за хваробы.
У агульным заліку Домрачава зараз на 5-ым месцы, Крыўко – на 19-ым. Наперадзе алімпійскія гульні ў Карэі.
Беларускае Радыё Рацыя