Памяці Рыгора Фарманяна
3-га студзеня незаўважна для шырокага беларускага грамадства пайшоў з жыцця Рыгор Фарманян, грамадскі і палітычны дзеяч 90-х гадоў дваццатага стагоддзя. Як былога сябра Гарадзенскай рады БНФ, яго памятаюць у Гародні.
Хоць апошнія гады, у выніку расколу БНФ, ён пакінуў актыўную дзейнасць і засяродзіўся на справах сям’і.
Кажа Сяргей Мальчык, у мінулым старшыня Гарадзенскай Рады БНФ:
– Рыгор заўсёды быў вельмі актыўным чалавекам. З армянскім тэмпераментам заўсёды актыўна адстойваў сваю пазіцыю. Ён доўгі час быў сябрам рады. Удзельнічаў у арганізацыі абсалютнай большасці нашых пікетаў, фактычна ўсіх мерапрыемстваў, якія мы ладзілі гарадской арганізацыяй. Рыгор быў тым чалавекам, які браў на сябе цэлую кучу абавязкаў і пасьпяхова іх выконваў.
Жывучы ў Скідалі, актыўна працаваў у мясцовай суполцы Таварыства Беларускай Мовы, быў адным з папулярызатараў беларускага слова. Але асаблівую вядомасць ён атрымаў праз здымак у звязку з падзеямі 1996 года на 25-га сакавіка ў Менску.
Вокладка кніжкі „Менская Вясна 1996”.
Тады яго моцна збілі міліцыянты, але Рыгор спрабаваў з імі дамовіцца, трымаючы акрываўлены бел-чырвона-белы сцяг.
Згадвае Кастусь Жынь:
– А перад гэтым мы ехалі на мерапрыемства і наш аўтобус, не даязджаючы да Менска, каля Валожына спынілі. Нас высадзілі з аўтобуса. І вось мы стаім разам з Рагорам Фарманянам і ўгаворваем міліцыю, каб нас прапусцілі да Менска. Ён заўсёды быў сярод нашых актывістаў і ішоў заўсёды з высока паднятай галавой і з высока ўзнятым бел-чырвона-белым сцягам. Вось такія мае ўспаміны пра Рыгора Фарманяна.
Памёр Рыгор Фарманян ад інсульту ва ўзросце 75 гадоў. Пахаваны на Юр’еўскіх могілках, каля Скідаля.
На фота Рыгор Фарманян справа з бел-чырвона-белай павязкай.
Разам з будучай жонкай Валянцінай вайсковец тэрміновай службы Рыгор Фарманян.
На фота Рыгор Фарманян, ягоныя бацькі і браты.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня