Маржы з клубу “Марозныя стварэнні”



За вакном снег, мароз і вецер, а яны купаюцца ў ледзяной вадзе. Каля 30 чалавек штотыдзень збіраюцца ў Хорашчы. Мясцовы клуб маржоў “Марозныя стварэнні” ўзнік у гэтым сезоне. Як пераконваюць удзельнікі, непрацяглае знаходжанне ў вадзе бароніць ад хваробаў і паляпшае настрой.

Старшыня клуба Анна Васькоўская:

– Мы тут ужо ўсе сябры. Сустракаемся абавязкова раз у тыдзень, але бывае дамаўляемся і па тры разы прыязджаем.  

Юрэк: 

– Паспрабаваў прабыць у вадзе шэсць мінут. І было вельмі файна. З гэтага ўсё і пачалося, пачаў кожны тыдзень хадзіць на маржаванне. І штораз павялічваў час.

Удзельнікі клубу:

– Загартоўваемся. З кожным разам хочацца яшчэ больш.

– Тут файныя людзі. Цікавая атмасфера. Крыху паправіць здароўе хочацца, а не правесці нядзелю толькі ля стала.

Аматыры купання ў ледзяной вадзе сустракаюцца штотыдзень у Каміновым возеры ля Хорашчы. 8 лютага сябры клуба “Марозныя стварэнні” едуць на міжнародны  злёт маржоў у Мельне.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Хорашч 

Фота аўтара