Ігар Мельнікаў прадставіць у Гародні кнігу «Мяжа была пад Мінскам 1921-1941 гг.»



Прэзентацыя кнігі гісторыка Ігара Мельнікава “Мяжа была пад Мінскам 1921-1941 гг.” адбудзецца 28 студзеня 2018 года а 12-й гадзіне ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця. Аўтар выдаў гэтую кнігу за свае грошы абмежаваным накладам у 100 асобнікаў.

Чым цікавае гэтае выданне? Кажа Ігар Мельнікаў:

Альбом, які раней не выдаваўся, і такога кшталту кнігі не было. Там больш за 500 здымкаў, якія раней збольшага не друкаваліся ў Беларусі і ўвогуле ў свеце. Здымкі з архіваў беларускіх, польскіх, галандскіх, а таксама з майго прыватнага архіва. Акрамя гэтага, ёсць унікальныя факты, якія былі сабраныя не толькі падчас працы ў архівах, але і ў час палявых экспедыцый. Я разам са сваімі калегамі амаль 100 км былой савецка-польскай мяжы прайшоў, даведаўся, вывучыў. І ўсё гэта выкладзена ў кнізе.

Па словах Ігара Мельнікава, кніга дапаможа сучасным беларусам зразумець феномен даваеннай савецка-польскай мяжы і стане выдатным і каштоўным падарункам для ўсіх аматараў вайсковай гісторыі Беларусі. Акрамя гэтага ўнікальнага выдання, аўтар прадставіць і іншыя свае выданні, у ліку якіх і кніга пра “беларускую” 20-ю дывізію Войска Польскага, жаўнеры якой у першыя дні Другой сусветнай мужна біліся супраць нацыстаў пад Млавай.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Ігара Мельнікава