Прадстаўнікі беларускай апазіцыі сустрэліся з Кентам Харстэдам



Кіраўнікі вядучых беларускіх дэмакратычных партый і арганізацый сустрэліся з адмысловым прадстаўніком Парламенцкай асамблеі АБСЕ па Усходняй Еўропе Кентам Харстэдам.

Па словах старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, гэтая сустрэча прайшла плённа і паспяхова:

– Усе прадстаўнікі апазіцыйных партый і грамадскіх арганізацый, хто прысутнічаў, выказалі сваю занепакоенасць тым, што адбываецца зараз у час выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў у мясцовыя саветы, пра фальсіфікацыі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, пра фальсіфікацыі пры вылучэнні ў камісіі, тое, што нашых людзей не рэгіструюць сябрамі камісій, пачынаючы з розных узроўняў – тэрытарыяльныя камісіі, акруговыя, мясцовыя ўчастковыя камісіі і г.д. Я асабіста выказаў непакой, што ўзмацніўся ціск на нашых актывістаў у рэгіёнах і ў Менску.

Па словах Рыгора Кастусёва, Кент Харстэд уважліва выслухаў усе меркаванні і запэўніў, што гэтая інфармацыя спатрэбіцца яму на сустрэчах з  прадстаўнікамі кіраўніцтва Беларусі, у тым ліку з Аляксандрам Лукашэнкам.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя