Менскае „Дынама” бясслаўна завяршае сезон КХЛ



Хакеісты менскага „Дынама” саступілі „Адміралу” і пазбавіліся шанцаў згуляць у плэй-оф дзясятага сезона КХЛ. „Адмірал” традыцыйна з’яўляецца нязручным супернікам для менчукоў. Беларуская каманда раней часта саступала далёкаўсходняй дружыне.

Не стаў выключэннем, на жаль, і мінулы матч. Сімвалічнае стартавае ўкіданне зрабіў на „Мінск-Арэне” ў мінулай гульні Міхаіл Захараў, які падчас кар’еры гульца правёў 12 сезонаў у складзе дынамаўцаў. У другім перыядзе падначаленыя Гордзі Дуайера значна ўзмацнілі ціск на брамку гасцей  і на 25-й хвіліне Шарль Лінгле ўцёк адзін на адзін з галкіперам „Адмірала” і адкрыў лік. Неўзабаве ўдача была на баку Джасціна Фантэйна, які павялічыў перавагу гаспадароў. Аднак каманда з Уладзівастока, настаўнікам якой цяпер з’яўляецца Алег Лявонцьеў, вядомы заўзятарам па выступах у „Юнацтве”, не выкінула белы флаг. Іван Мішчанка зрабіў галявы дубль і параўняў лік 2:2.

Адна з шайбаў гасцей выклікала гарачыя спрэчкі, але нават пасля відэапрагляду суддзі не пераканалі заўзятараў, што становішча „па-за гульнёй” у сапернікаў менчукоў не было. Пад канец трэцяга перыяду „зубры” атрымалі колькасную перавагу ў чатыры хвіліны, але рэалізаваць яе не змаглі. Гордзі Дуайер рызыкнуў і пры нічыйным ліку памяняў Юнаса Энрата на шостага палявога гульца. Аднак дынамаўцы прапусцілі шайбу ў пустую брамку 2:3. У выніку беларуская каманда страціла ўсе шанцы абыйсці ў турнірнай табліцы маскоўскае „Дынама”, чарапавецкую „Cеверсталь” і маскоўскі „Спартак”. Менскае „Дынама” правядзе яшчэ тры матчы ў чэмпіянаце і завершыць дзесяты сезон у КХЛ.

Беларускае Радыё Рацыя