Пайшоў з жыцця Васіль Якавенка



22 студзеня на 82-м годзе жыцця памёр беларускі пісьменнік, публіцыст і грамадскі дзеяч Васіль Якавенка. Пра яго смерць паведаміў унук нябожчыка Ян Мачульскі.

Васіль Цімафеевіч Якавенка нарадзіўся 5 мая 1936 года ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і.

У 1956 годзе скончыў Беларускі індустрыяльны тэхнікум па спецыяльнасці геолаг. У 1956-1958 гадах служыў у Савецкай Арміі. Працаваў майстрам, тэхнікам, інжынерам у розных геалагічных партыях і праектных інстытутах рэспублікі, рэдактарам на Беларускім радыё. У 1966 годзе завочна скончыў БДУ. У 1972-1977 гадах — рэдактар аддзела навукі і мастацтва, аддзела нарыса і публіцыстыкі часопіса „Полымя”. З 1977 года — чалец Саюза пісьменнікаў БССР і СССР. У 1977-1978 гадах — сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў БССР. З 1990 года — прэзідэнт Беларускага сацыяльна-экалагічнага саюза „Чарнобыль”.

Нямала сіл і энергіі пісьменнік аддаў раскрыццю рэалій пры асвятленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы, усталяванню галоснасці, аздараўленню апрамененых і аслабленых дзяцей.

У апошнія гады, будучы каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы „Інстытут нацыянальнай памяці”, Васіль Якавенка засяродзіў сваю ўвагу на раскрыцці невядомых старонак сталінскіх рэпрэсій у Беларусі, „знайшоў” свайго дзеда Васіля, селяніна, арыштаванага і расстралянага ў 1938 годзе ў Мазыры, рэдагаваў грамадскі штомесячны бюлетэнь „Рэха ГУЛАГа” (2007).

Абапіраючыся на вядомых беларускіх навукоўцаў і творчую інтэлігенцыю, правёў шырокамаштабныя акцыі за адраджэнне і развіццё беларускай мовы (2009, 2011).

Прапагандаваў і бараніў інтарэсы грамадзянскай супольнасці ў беларускім палітычным жыцці.

БелаПАН