У Гародні ўсталююць навігацыйныя стэнды для замежных турыстаў



У Гародні для замежных турыстаў ўсталююць інфармацыйна-навігацыйныя стэнды, паведаміў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Гарадзенскага гарвыканкама Яўген Ародзь.

Стэнды з’явяцца ля аўта- і чыгуначнага вакзалаў, а таксама ў гістарычным цэнтры Гародні, першыя ўсталююць ўжо ў сакавіку.

„Усяго ў горадзе іх будзе 12. Стэнды будуць адрознівацца эксклюзіўным дызайнам, размешчаная інфармацыя дазволіць замежнікам зарыентавацца, знайсці неабходныя аб’екты”, – адзначыў Яўген Ародзь.

Паводле яго слоў, працягнуцца працы па развіцці сферы паслуг і турыстычнай інфраструктуры, у цэнтры ўвагі звыш дзесяці кірункаў, у тым ліку грамадскае харчаванне, гасцінічны бізнес, музеі, грамадскі транспарт і рух.

У прыватнасці, ужо пачаліся, работы па будаўніцтве агляднай пляцоўкі на высокім беразе Нёмана па вуліцы Дарвіна – адсюль адкрываецца цудоўны від на старую Гародню. Тут з’явяцца лавачкі, альтанкі, ратонда, зялёныя зоны, будуць устаноўлены аглядныя біноклі.

Прапрацоўваецца пытанне стварэння на Нёмане прычалаў для маламерных судоў.

Папулярнасць Гародні як турыстычнага месца расце. З пачатку года абласны цэнтр і наваколлі наведалі звыш 1,2 тыс. бязвізавых турыстаў. Гэта госці з 22 краін, большасць з іх грамадзяне Польшчы і Літвы.

belta.by

Фота belarus.by