Каманда „МАЗ-СПОРТаўта” 26 студзеня сустрэнецца з журналістамі
Прэс-канферэнцыя з кіраўніком і пілотамі экіпажаў беларускай каманды „МАЗ-СПОРТаўта” па выніках выступлення ў ралі-рэйдзе „Дакар” пройдзе ў прэс-цэнтры БЕЛТА 26 студзеня ў 10.00.
У Паўднёвай Амерыцы гэтымі днямі завяршыўся адзін з самых прэстыжных ралі-рэйдаў у аўтамабільным спорце – „Дакар”. Беларуская каманда „МАЗ-СПОРТаўта” дабілася лепшага рэзультату за ўвесь час удзелу ў гонцы: пілот Сяргей Вязовіч заняў другое месца ў агульным заліку, апярэдзіўшы многіх знакамітых канкурэнтаў. Як удалося беларусам дабіцца такога значнага поспеху? Якія новаўвядзенні дапамаглі палепшыць рэзультат? Якую карысць прыносіць удзел у такой прэстыжнай аўтагонцы беларускаму прамысловаму гіганту? Аб гэтым лідар каманды „МАЗ-СПОРТаўта” Сяргей Вязовіч, а таксама пілоты Аляксандр Васілеўскі і Аляксей Вішнеўскі раскажуць на сустрэчы з журналістамі.
Менскі аўтазавод ўдзельнічае ў марафоне „Дакар” з 2012 года. У 2018-м ралі-рэйд праходзіў па тэрыторыі трох краін – Перу, Балівіі і Аргенціны. Працягласць маршруту толькі скорасных участкаў склала больш за 3,5 тыс. км. У класе грузавікоў асноўнымі канкурэнтамі беларускіх МАЗаў выступалі КаМАЗ, Iveco, MAN, Renault і Tatra.