Зніклую 14-гадовую школьніцу з Кобрынскага раёна знайшлі ў Баранавічах



Зніклую 14-гадовую Алену Крыштафовіч з Кобрынскага раёна знайшлі ў Баранавічах.

Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УУС Берасцейскага аблвыканкама Сяргей Дучэнка, школьніцу знайшлі супрацоўнікі крымінальнага вышуку Баранавіцкага РАУС 23 студзеня ў Баранавічах па месцы жыхарства яе хлопца.

У Баранавічы выехалі супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх Кобрынскага РАУС для суправаджэння дзевяцікласніцы дадому.

Шукаць Алену Крыштафовіч пачалі пасля таго, як 21 студзеня ў 1.20 у міліцыю звярнулася яе маці. Жыхарка вёскі Акцябр Кобрынскага раёна расказала, што 20 студзеня каля 9.00 дачка пайшла з дому. Маці дзяўчынка сказала, што ідзе ў школу ў спартыўную секцыю, дзе займаецца, але там яна не з’явілася.

Са слоў знойдзенай сёння школьніцы, увесь гэты час яна знаходзілася ў Баранавічах у гасцях у свайго хлопца, мясцовага жыхара.