За арганізацыю незаконнай міграцыі асуджаныя два жыхары Кобрынскага раёна



За арганізацыю незаконнай міграцыі асуджаныя 37-гадовы і 29-гадовы жыхары аграгарадка Арэхаўскі Кобрынскага раёна.

Як паведаміла БелаПАН старшы пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Надзея Некрашэвіч, мужчыны за пэўную плату пагадзіліся аказаць садзейнічанне ў перамяшчэнні па-за пунктамі пропуску праз беларуска-ўкраінскую мяжу сямі замежных грамадзян: чатырох — Бангладэш і трох — Пакістана.

9 ліпеня 2017 года яны прывезлі на аўтамабілях замежнікаў на прыгранічную тэрыторыю, дзе ўсе былі затрыманыя памежнікамі.

У дачыненні да двух жыхароў Кобрынскага раёна распачалі крымінальную справу.

4 снежня суд Кобрынскага раёна прызнаў іх вінаватымі ў арганізацыі незаконнай міграцыі (ч. 2 арт. 371-1 УК) і прыгаварыў 37-гадовага да трох гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, 29-гадовага — да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на тры гады.

37-гадовы абскардзіў прысуд і прасіў адтэрмінаваць выкананне прызначанага яму пакарання.

23 студзеня судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда пакінула яго скаргу без задавальнення. Прыгавор суда першай інстанцыі набыў законную моц.

belapan.by