ТБМ прапаноўвае прымеркаваць агульнанацыянальную дыктоўку да 100-годдзя БНР



Грамадскае аб’яднанне „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ) прапаноўвае правесці ў Дзень роднай мовы, 21 лютага, агульнанацыянальную дыктоўку, прымеркаваную да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

 

Як адзначыла ў інтэрв’ю БелаПАН старшыня ТБМ, дэпутат парламента Алена Анісім, для агульнанацыянальных дыктовак, як правіла, выбіраюцца ўрыўкі з твораў знакамітых беларускіх пісьменнікаў-юбіляраў. Але паколькі, паводле яе слоў, „гэты год праходзіць пад знакам 100-годдзя БНР”, першапачаткова было прапанавана ў якасці аднаго з варыянтаў тэксту для дыктоўкі ўзяць трэцюю статутную грамату — аб абвяшчэнні незалежнасці БНР.

„Тэкст гэтай граматы трэба ведаць, таму што ён не вельмі шырока вядомы, — сказала старшыня ТБМ. — Тым не менш мы з’яўляемся дэмакратычнай арганізацыяй, таму прапаноўваем выбар паміж разнапланавымі тэкстамі. Ці мала, дзесьці не змогуць пісаць тэкст па статутнай грамаце БНР, бо аўдыторыя бывае розная, дыктоўку могуць пісаць у школах, музеях, бібліятэках. Каб была дыктоўка, а не дыктат, мы прапаноўваем у якасці альтэрнатывы узяць што-небудзь з літаратурнай спадчыны мовазнаўцы і празаіка Фёдара Янкоўскага, якому сёлета таксама споўнілася б 100 гадоў”.

У сваю чаргу паэт, празаік і грамадска-палітычны дзеяч Уладзімір Някляеў паведаміў БелаПАН, што ініцыятыву адзначыць 100-я ўгодкі БНР агульнанацыянальнай дыктоўкай яму прапанаваў абмеркаваць родапачынальнік гэтай культурна-асветніцкай акцыі філосаф Уладзімір Падгол.

„Ён патэлефанаваў мне, мы пагаварылі, і ўжо потым я прапанаваў у якасці аднаго з мерапрыемстваў, прымеркаваных да святкавання 100-годдзя БНР, правесці агульнанацыянальную дыктоўку на гэтую тэму, — сказаў Някляеў. — Спачатку была ідэя пісаць дыктоўку па трэцяй статутнай грамаце. Але для дыктоўкі яе тэкст не вельмі падыходзіць. Можна паспрабаваць скампанаваць тэкст з усіх трох устаўных грамат. Думаю, гэта пытанне яшчэ будзе абмяркоўвацца. Самае галоўнае, што агульнанацыянальная дыктоўка на гэтую тэму стане дадатковай крыніцай інфармацыі для людзей, якія мала ведаюць пра тыое што такое БНР. А ў статутных граматах ўсё чорным па белым напісана — тады ўпершыню ў гісторыі была абвешчаная незалежнасць Беларусі”.

Перакладчык Васіль Сёмуха, адзін з ініцыятараў ідэі агульнанацыянальнай дыктоўкі, адзначыў, што „прысвяціць дыктоўку тэме 100-годдзя БНР сёлета было б вельмі дарэчы”. „Я дзвюма рукамі за, каб такая дыктоўка адбылася. Будуць і іншыя добрыя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай даце, але дыктоўка, як мне здаецца, была б адным з лепшых, паколькі на ёй народ аб’ядноўваецца вакол пэўнай ідэі”, — падкрэсліў ён.

belapan.by