Ці магчымая кананізацыя Францыска Скарыны?
Беларускага асветніка Францыска Скарыну могуць прызнаць святым. Грамадскія дзеячы Адам Мальдзіс і Пятро Краўчанка ад імя аргкамітэта накіравалі ў Ватыкан і Папе Рымскаму адпаведны зварот.
Гомельскі бард Андрэй Мельнікаў расцэньвае гэтую ініцыятыву творчай правакацыяй:
– Для таго, каб адбылася кананізацыя, павіннны быць нейкія цуды, звязаныя з машчамі, звязаныя з малітоўным зваротам да гэтага чалавека і г.д., і г.д. Такая практыка. Захацелася нейкаму ўплывоваму чалавеку, ці групе ўплывовых грамадзян кананізаваць – яны не кананізуюць. І гэта правільна. Але як творчая правакацыя – то цалкам зразумелая ініцыятыва Пятра Краўчанкі.
Выкладчык рэлігіязнаўства Віктар Адзіночанка заўважае, што з пункту гледжання касцёла дзейнасць першадрукара з’яўляецца станоўчай:
– Тое, што ён выдаў Біблію і што гэта вельмі вялікая падзея для беларускай культуры, прычым з пункту погляду Каталіцкай царквы, – гэта сведчыць аб ім вельмі станоўча. Яго пераклад Бібліі, што ён нёс Біблію простым людзям, таксама яго думкі, якія былі выказаны, – гэта кажа пра яго менавіта хрысціянскі светапогляд. Ён не выказваў ніякай ерасі.
У 2017 годзе будзе адзначацца 500-ая гадавіна з моманту з’яўлення першай друкаванай беларускай кнігі „Псалтыр”, якую выдаў Францыск Скарына ў Празе.
Беларускае Радыё Рацыя