Афіцыйна пацверджаны расстрэл Аляксандра Грунова з Гомеля



Аляксандр Груноў быў асуджаны да найвышэйшай меры пакарання за забойства сваёй знаёмай, якой нанёс больш за сто удараў нажом.

Па словах каардынатара грамадскай кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэя Палуды, паведамленне аб выкананні прысуду атрымала з Гомельскага абласнога суду маці расстралянага.

– Прыйшло пацверджанне ягонай маці, што Аляксандр “убыл по приговору”, гэта значыць, што ён расстраляны – смяротны вырак у адносінах да яго прыведзены ў выкананне. Да гэтага праваабаронцы валодалі папярэдняй інфармацыяй, што Аляксандр Груноў расстраляны. Больш за тое, да маці Аляксандра Грунова прыйшла пасылка, у якой была турэмная роба, на якой былі выбітыя літары “ИМН – исключительная мера наказания».

Паводле Андрэя Палуды, зараз у Беларусі чакае выканання смяротнага пакарання яшчэ адзін асуджаны – Эдуард Лыкаў. «Хаця ў яго няма сваякоў,  і  зараз з ім не супрацоўнічае адвакат, але мы маем магчымасці сачыць за сітуацыяй. Паведамленняў пра выкананне прысуду ў дачыненні да яго мы не атрымлівалі», – сказаў Андрэй Палуда.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя