Аб сітуацыі на мяжы
22.01.2018 Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў рашэнне на ахову Дзяржмяжы Беларусі ў новым годзе.
Прыярытэтнымі задачамі памежнікаў вызначаныя процідзеянне міжнароднаму экстрэмізму і тэрарызму; барацьба з кантрабандай, нелегальнай міграцыяй і наркатрафікам; развіццё пагранічнай інфраструктуры.
Уласна кажучы, нічога новага. Казаць, што міграцыйны крызіс неяк значна ўплывае на бяспеку Беларусі не выпадае. Пакуль не абвешчаныя вынікі працы памежнага ведамства за 2017 год. Аднак, вядомыя лічбы за гады папярэднія. Так, па выніках 2016 года затрымана звыш 500 парушальнікаў дзяржаўнай мяжы, з якіх амаль 50% – выхадцы з краінаў Афрыкі і Азіі; у пунктах пропуску выяўлена больш за 5 тыс. патэнцыяльных незаконных мігрантаў, якія мелі намер выехаць у краіны ЕЗ. Пры гэтым у параўнанні з 2015 годам у 1,2 разы скарацілася колькасць парушэнняў заканадаўства аб дзяржаўнай мяжы, больш чым на 40% зменшылася колькасць жадаючых незаконна яе перасекчы, на траціну менш зафіксавана фактаў кантрабанды. У 2015 годзе беларускімі памежнікамі было затрымана 8,1 тыс. парушальнікаў заканадаўства аб Дзяржмяжы, амаль 900 нелегальных мігрантаў, канфіскавана амаль 300 адзінак баявой і цывільнай зброі і каля 7 тысяч боепрыпасаў.
Д’ябал, як звычайна хаваецца ў дэталях. Памежнікі не паведамлялі, колькі ў агульнай колькасці парушальнікаў пагранічнага заканадаўства грамадзянаў Беларусі і сумежных краін, а таксама постсавецкіх дзяржаў (перш за ўсё – Грузіі), з якімі ў Беларусі бязвізавы рэжым. І не зусім зразумела што такое «патэнцыйныя незаконныя мігранты» і якая ўдзельная вага ў іх ліку чачэнцаў-грамадзянаў Расеі, якія атабарыліся ў Берасці і спрабуюць трапіць у Польшчу каб папрасіць там прытулку. То бок ладная частка рэальных нелегалаў (грамадзянаў трэціх краінаў), на праверку аказваюцца амаль «сваімі», былымі савецкімі.
Для параўнання: у першым паўгоддзі 2017 года памежнікі канфіскавалі 130 адзінак зброі і больш за тысячу боепрыпасаў. Кожны другі парушальнік пагранічнага заканадаўства – беларус. За парушэнне правілаў уезду і знаходжання ў памежнай зоне было прыцягнута да адказнасці больш за 1,3 тыс. чалавек.
Як бачым, дынаміка становішча на мяжы за апошнія 3 гады ў частцы незаконнай міграцыі і перамяшчэння зброі – стабільна пазітыўная. Кантрабанда – гэта ў прынцыпе рабочая сітуацыя на любой мяжы: яна была, ёсць і будзе ў ліку прыярытэтаў кожнага праваахоўнага ведамства.
Для афіцыйнага Менска ў прынцыпе характэрна пастаянна згушчаць фарбы ў частцы міграцыйнай і тэрарыстычнай небяспекі, ад якой Беларусь, маўляў, абараняе Захад і Расею. Пры гэтым беларускі лідар адкрыта тлумачыць чаму: «Мы выдаткоўваем нямала сродкаў для аховы Дзяржмяжы … Але, скажу шчыра, міжнародная супольнасць, асабліва еўрапейцы, ды і расейцы маглі б фінансава больш актыўна паўдзельнічаць у тым, каб падтрымаць нашы намаганні па барацьбе з рознага роду правапарушальнікамі ». Як кажуць, кожны зарабляе на чым можа.