Спецдакладчыкі ПАСЕ асудзілі два новыя смяротныя прысуды ў Беларусі



У Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы асуджаюць два новыя смяротныя прысуды, абвешчаныя ў Беларусі, гаворыцца ў сумеснай заяве спецдакладчыка ПАСЕ па адмене смяротнага пакарання Іва Круштана і спецдакладчыка ПАСЕ па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні.

„Гэтыя прысуды вельмі расчароўваюць, паколькі яны былі вынесены пасля таго, як Савет Еўропы атрымаў некаторыя абаліцыянісцкія сігналы ад беларускіх уладаў. Больш за тое, асуджаныя першапачаткова былі прыгавораныя да пажыццёвага зняволення”, — гаворыцца ў заяве.

Спецдакладчыкі падкрэсліваюць, што смяротнае пакаранне з’яўляецца „жорсткім і бесчалавечным пакараннем”, якое недапушчальна ў Еўропе.

„Мы зноў заклікаем беларускія ўлады ўвесці ў тэрміновым парадку мараторый і адмяніць смяротнае пакаранне дэ-факта і дэ-юрэ”, — гаворыцца ў заяве.

Раней з аналагічнымі заявамі выступіў Еўрасаюз і генеральны сакратар Савета Еўропы Турб’ёрн Ягланд.

20 студзеня калегія па крымінальных справах Менскага гарадскога суда пасля паўторнага разгляду справы аб забойстве ў снежні 2015 года маладой пары ў доме на вуліцы Алібегава ў сталіцы і мужчыны ў пасёлку Калодзішчы (Менскі раён) вынесла прысуд. Першапачаткова асуджаныя на пажыццёвае зняволенне Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка прыгавораныя да смяротнага пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Яны абвінавачваюцца ў забойстве трох чалавек, разбоі, крадзяжы дакументаў.

Гэта два першыя смяротныя прысуды, вынесеныя ў Беларусі ў 2018 годзе. У 2017 годзе ў краіне былі вынесеныя тры смяротныя прысуды, адзін — прыведзены ў выкананне.

За апошнія 20 гадоў у Беларусі было расстраляна больш за 400 прыгавораных да вышэйшай меры пакарання. Толькі аднаго з асуджаных кіраўнік дзяржавы памілаваў.

БелаПАН