Анатоль Лябедзька: Людзі выдатна ведаюць, куды павінны ісці бюджэтныя сродкі



Правацэнтрысцая кааліцыя правяла ў Менску каля Камароўскага рынку вялікі перадвыбарчы пікет. У ім прынялі ўдзел некалькі кандыдатаў на мясцовых выбарах ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Руху „За свабоду”, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Асаблівасцю гэтага мерапрыемства было тое, што мінакам прапаноўвалася прагаласаваць, на якія мэты трэба выдаткоўваць сродкі з бюджэту.

Па словах старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, гэта першы з шэрагу тэматычных пікетаў, якія будуць праводзіцца не толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах краіны.

– Мы звяртаемся да менчукоў: куды мусяць ісці грошы падаткаплацільшчыкаў у Менску, і мы даём магчымасць выбару, пяць пазіцый, а шостая – чалавек можа сам запісаць, калі такой пазіцыі ён не бачыць. Гэта такая нагляднасць – тое, што ёсць, і тое, што патрэбна. Пераважная большасць тых, хто падыйшлі і прагаласавалі, – за адукацыю і ахову здароўя. На другой пазіцыі – новыя працоўныя месцы. Трэцяе – капітальны рамонт жылых будынкаў. На спецпаліклініку для чыноўнікаў, АМАП і ахову Лукашенкі – нуль.

Пікет выклікаў цікавасць мінакоў. У імправізаваным галасаванні прынялі ўдзел дзясяткі грамадзянаў.

Па словах Анатоля Лябедзькі, наступны тэматычны пікет мяркуецца прысвяціць стагоддзю абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя