Беларускі НАК не будзе праводзіць акцый у падтрымку расейскіх спартсменаў
Нацыянальны алімпійскі камітэт не будзе праводзіць акцый у падтрымку расейскіх спартсменаў, вынікае з заявы першага віцэ-прэзідэнта НАКа Андрэя Асташэвіча.
„Давайце без акцый будзем”, — сказаў ён 24 студзеня ў Менску на прэс-канферэнцыі, адказваючы на пытанне пра стаўленне да апошніх рашэнняў Міжнароднага алімпійскага камітэта і магчымыя акцыі ў падтрымку спартсменаў РФ.
„Гэта братэрская нам краіна. Усё, што залежыць ад нас, мы зробім, дапаможам і не кінем. Тут думкі розныя, але спорт павінен быць чыстым і без палітыкі”, — сказаў Асташэвіч.
23 студзеня МАК не выдаў дазволу на ўдзел у зімовых Алімпійскіх гульнях у Паўднёвай Карэі (9—25 лютага) больш чым 20 расейскім спартсменам, у тым ліку некаторым вядучым. У лістападзе—снежні 2017 года пажыццёва было дыскваліфікавана больш за 40 атлетаў — за парушэнне антыдопінгавых правілаў на зімовай Алімпіядзе 2014 года ў Сочы. Тады ж было вырашана, што алімпійцы РФ выступяць пад нейтральным сцягам.
У 2016 годзе на адкрыцці летніх Паралімпійскіх гульняў у Бразіліі выбухнуў скандал з удзелам беларускай дэлегацыі: яе член, спартыўны функцыянер Андрэй Фомачкін разгарнуў расійскі сцяг у знак салідарнасці з дыскваліфікаванымі паралімпійцамі суседняй краіны. Сцяг быў канфіскаваны, дэлегацыі ўдалося пазбегнуць адхілення ад Гульняў. Учынак Фомачкіна быў публічна ўхвалены кіраўніцтвам Беларусі і Расеі. Фомачкіну прапанавалі кватэру ў Расеі. Цяпер ён узначальвае Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту „Раўбічы”.
belapan.by