Мінінфарм: На „Хартыі” размяшчалася забароненая інфармацыя (абноўлена)



Сайт «Хартыя’97» заблакаваны. А ў Міністэрстве інфармацыі, рашэннем якога гэта зроблена, нічога не тлумачаць. У прыёмнай міністра Аляксандра Карлюкевіча нас настойліва скіроўваюць чытаць падрабязнасці на афіцыйнай старонцы.

Уся інфармацыя ёсць на сайце, сачыце за ёй.

РР: На сайце літаральна два радкі і больш ніякіх падрабязнасцяў.

Сачыце за інфармацыяй на сайце. Гэта ўсё, што я магу вам сказаць па сутнасці вашага пытання.

РР: І ніхто гэтага не пракаментуе?

Уся інфармацыя на сайце. Сачыце за ёй. Чым больш вы задаяце мне пытанняў, тым менш атрымліваеце для сябе адказаў.

На сайце міністэрства толькі тры радкі, дзе тлумачыцца, што рашэнне пра абмежаванні доступу да «Хартыі’97» Міністэрствам інфармацыі прынята на падставе падпункта 1.2 пункта 1 артыкула 51 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі». А таксама спасылка на артыкул 38 закона «Аб СМІ», дзе есць пералік інфармацыі, распаўсюд якой забаронены.

“Гэта не празрыстае рашэнне, таму ў міністэрства не шмат аргументаў,” – заўважае старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Спасылаюцца на артыкул 38 закона «Аб СМІ», дзе пералічваецца забароненая інфармацыя для распаўсюду ў СМІ. Але гэты пералік нават не закрыты. Больш за тое, у ім Міністэрства інфармацыі не паказвае, якое менавіта патрабаванне парушыў сайт. Рашэнне вельмі непразрыстае. Тут, безумоўна, парушэнне свабоды выказвання.

Андрэй Бастунец не звязвае гэта блакаванне з электаральнай кампаніяй у мясцовыя саветы. “Хаця цяжка зразумець логіку, чаму менавіта цяпер улады заблакавалі сайт,” – кажа старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Міністэрства інфармацыі пацвердзіла блакаванне апазіцыйнага інтэрнэт-сайта charter97.org.

„Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь на падставе падпункта 1.2 пункта 1 артыкула 51-1 закона Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі” прынятае рашэнне аб абмежаванні доступу да інфармацыйнага рэсурсу charter97.org. Гэтае рашэнне прынятае ў сувязі з размяшчэннем на рэсурсе інфармацыі, распаўсюджванне якой забароненае артыкулам 38 закона Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі”, — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Мінінфарм „чарговым разам звяртае ўвагу ўсіх суб’ектаў інфармацыйнай сферы на неабходнасць няўхільнага выканання заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі”.

У адпаведнасці з артыкулам 38 закона аб СМІ забараняецца распаўсюджванне: „інфармацыі ад імя арганізацый, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю (перарэгістрацыю) у выпадках, калі такая рэгістрацыя (перарэгістрацыя) з’яўляецца абавязковай у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама арганізацый, у адносінах да якіх ёсць рашэнне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа, што ўвайшло ў законную сілу, аб іх ліквідацыі”; „звестак, якія прапагандуюць спажыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных і іншых дурманных рэчываў, а таксама звестак пра спосабы i метады распрацоўкі, вырабу, выкарыстання i месцы набыцця наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў”; „інфармацыі, што скіраваная на прапаганду вайны, экстрэмісцкай дзейнасці або змяшчае заклікі да такой дзейнасці, парнаграфіі, гвалту і жорсткасці, а таксама іншай інфармацыі, распаўсюджванне якой здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь або забароненае гэтым законам, іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь”.

Сайт „Хартыя-97” быў заблакаваны ўвечары 24 студзеня.

„Блакаваннем незалежнага сайта, у якога найбольшая колькасць наведвальнікаў, нанесены чарговы ўдар па свабодзе слова ў Беларусі. Дваццаць гадоў з намі змагаліся ўлады шляхам розных рэпрэсій: ад блакаванняў да арыштаў і забойстваў журналістаў. Мы будзем абараняцца, у тым ліку на міжнародным узроўні”, — заявіла БелаПАН рэдактарка сайта Наталля Радзіна. Паводле яе слоў, у даменную зону .by „Хартыя-97” пераходзіць не будзе.