“Ваша” расстраляная літаратура – міф. Адчапіцеся ад нас!
У пачатку года, калі многія беларусы яшчэ былі ў палоне святочных навагодне-калядных настрояў, неабыякавы чалавек, настаўніца рускай (!) мовы і літаратуры Ганна Севярынец задала сабе і шаноўнаму Міністэрству адукацыі простае пытанне: «Чаму ў школьных праграмах «Барадзіно» ёсць, а «Пахне чабор» няма?» Вось насамрэч – чаму?
Не навіна, што праграма па беларускай літаратуры ў школе магла б быць значна лепшай. Творы там папросту нецікавыя, падабраныя па прынцыпе “кабы чего не вышло”. Дзеці і настаўнікі зрабіліся закладнікамі сітуацыі. Мова – адно, тут больш магчымасцей для нейкіх варыятыўных манёўраў з боку выкладчыка… Літаратура ў школе – гэта творы, абавязковыя для прачытання і аналізу, для завучвання на памяць!
Руская і беларуская літаратура ў нас вывучаюцца паралельна. Праграма па рускай – мікс лепшых твораў, вобразна кажучы! Беларуская ж уяўляе сабой суцэльны сметнік старарэжымнах тэкстаў пра паноў сахі і касы… Такое адчуванне, што яе стваральнікі мелі на мэце адбіць у сучасных школьнікаў жаданне любіць сваё, бо яно папросту не можа быць цікавым. Тым часам ёсць зусім іншыя творы, папросту выкінутыя з праграмы па беларускай літаратуры толькі ў 2017 годзе (далей – капаць не будзем!), – верш Пятруся Броўкі «Пахне чабор», верш Рыгора Барадуліна «Бацьку», паэтычны раман Ніла Гілевіча «Родныя дзеці»… Праграма па беларускай літаратуры ў школе магла б быць на парадак лепшай і за кошт класікі, і за кошт таленавітых сучаснікаў, і за кошт нашай таленавітай “расстралянай” літаратуры, але маем, што маем…
Маем таксама адказ Ганне Севярынец з Міністэрства адукацыі. Сэнс даволі просты: усё будзе ў рэчышчы павагі да “Кастрычніцкай рэвалюцыі”, “ваша” расстраляная літаратура – Дубоўка, Кляшторны ды іншыя – міф. Адчапіцеся ад нас!
“Расстраляная” літаратура не можа стаць часткай беларускага жыцця. Затое барбершоп “Чэкіст” і бар “Піцер” на месце знакавага для Менску бара “Ў” – самае тое. Усё лагічна. Мінск і Менск – гэта ж розныя канцэпцыі развіцця… І паколькі першая сёння перамагае, то другая мае ўсе шанцы пераўтварыцца ў таго млечнага дзюдзіка на талерцы, апісанага Нілам Гілевічам і выкінутага са школьнай праграмы… Іншымі таварышамі.