Валянцін Стэфановіч: Чыноўнікі засталіся ў баку



Праваабаронца Валянцін Стэфановіч распавядае, чаму чыноўнікаў складана прыцягнуць да адказнасці.

Як вядома, суд у Маладэчне абавязаў спагнаць грашовую кампенсацыю з СВК «Усход-Агра» (35 тысяч рублёў) і сярэдняй школы (15 тысяч рублёў) маральнай шкоды на карысць бацькоў за смерць іх дачкі-васьмікласніцы на калгасным полі пад коламі грузавіка з бульбаю.

А вось тых канкрэтных чыноўнікаў, якія выдавалі распараджэнні накіраваць дзяцей на калгаснае поле, прыцягнуць да адказнасці аказалася праблемай.

Валянцін Стэфановіч: Цалкам згодны з юрыстамі прафсаюза РЭП, якія дапамагалі бацькам загінулай дзяўчынкі рыхтаваць грамадзянскі іск да чыноўнікаў упраўлення адукацыі і выканкама. Я ў сваю чаргу спрабаваў іх прыцягнуць да крымінальнай адказнасці, але нічога з гэтага не атрымалася. Апошні адказ мне быў з пракуратуры, мае аргумента катэгарычна адмовіліся прымаць. Маўляў, суд, які асудзіў настаўніц, паставіў кропку ў справе, таму няма падстаў яшчэ раз праводзіць праверку па выкладзеных фактах.

РР: Настаўніцы аказаліся ў гэтай сітуацыі “стрэлачнікамі”?

Валянцін Стэфановіч: Суд разглядаў толькі тое абвінавачванне, якое тычылася настаўніц, якія былі з дзецьмі на калгасным полі ў той трагічны дзень. Таму ніхто на судовым працэсе не разглядаў пытанне таго, ці ёсць склад злачынства ў дзеяннях чыноўнікаў Маладэчненскага райвыканкама, якія выдалі, як я лічу, незаконнае распараджэнне наконт накіравання людзей на ўборку бульбу. А начальніца аддзела адукацыі таго ж выканкама таксама выдала распараджэнне аб накіраванні школьнікаў на ўборку бульбы. І гэтым фактам ніхто належную ацэнку не даў. Знайшлі вадзіцеля, які здзейсніў смяротны наезд, і вінаватых настаўніц, якія і насамрэч аказаліся “стрэлачнікамі”. Відавочна, што ў іх працоўных кантрактах не прапісаны абавязак прыбіраць бульбу на палях. А чыноўнікі, наколькі мне вядома, абышліся вымовамі. Так бы мовіць, засталіся ў баку. Увогуле, гэтая сітуацыя яскрава прадэманстравала ўсю нашу прыгонную сістэму. Кожны год усё гэта паўтараецца, і калі б не трагедыя, то гэта лічылася б нармальнай з’явай.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя