Следства вызначыла вінаватага ў падвышэнні тарыфаў ЖКГ
Следчым камітэтам завершана расследаванне маштабнай справы аб карупцыі ў сістэме ЖКГ.
Як паведамілі ў СК, завяршылася расследаванне крымінальнай справы па абвінавачванні кіраўніка камерцыйных арганізацый у арганізацыі перавышэння службовых паўнамоцтваў і даванні хабараў службовым асобам прадпрыемстваў сістэмы ЖКГ, размешчаных на тэрыторыі Віцебскай, Менскай і Магілёўскай абласцей.
Крымінальная справа была распачатая па матэрыялах праверкі ГУБЭЗ МУС.
Следствам устаноўлена, што 40-гадовы жыхар Менскага раёна, дзейнічаючы ад імя падкантрольных яму арганізацый, з 2009 па 2015 гады „рэалізаваў план злачыннай дзейнасцi, якая звязаная з уцягваннем у яе службовых асобаў”.
Сем кіраўнікоў раённых прадпрыемстваў сістэмы ЖКГ наўмысна заключылі з камерцыйнымі арганізацыямі, падкантрольнымі абвінавачанаму, дагаворы на пастаўку таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў (у большасці выпадкаў — помпавага абсталявання) па відавочна завышаных цэнах. За спрыяльнае вырашэнне пытання аб заключэнні дамоваў некаторым службовым асобам перадаваліся хабары — працэнт ад агульнай сумы здзелкі.
Вынікам супрацьпраўных дзеянняў кіраўніка камерцыйных структур у саўдзеле са службовымі асобамі стала прычыненне шкоды прадпрыемствам сістэмы ЖКГ на агульную суму больш за 677 тысяч рублёў.
„Важным тут з’яўляецца і тое, што неабгрунтаваныя страты, панесеныя дзяржаўнымі прадпрыемствамі, пацягнулі падвышэнне кошту камунальных паслуг для канчатковых спажыўцоў — грамадзян Беларусі”, — гаворыцца ў паведамленні СК.
Акрамя таго, на працягу 2009—2011 гадоў мужчына, дзейнічаючы ад імя камерцыйнага прадпрыемства, арганізаваў выраб і распаўсюджванне рэкламных буклетаў, якія ўтрымліваюць загадзя ілжывыя звесткі. Таксама ён паведаміў непраўдзівую інфармацыю пра дзейнасць прадпрыемства журналісту галіновага выдання.
Падчас расследавання канфіскаваная і прааналізаваная дакументацыя, звязаная з арганізацыяй закупак, у тым ліку тая, што яе рэгламентуе. Праведзеныя допыты, вочныя стаўкі, атрыманыя і далучаны да матэрыялаў крымінальнай справы вынікі экспертных даследаванняў.
Дзеянні кіраўніка камерцыйных арганізацый кваліфікаваныя па ч. 1 арт. 250 КК (распаўсюд ілжывай інфармацыі пра тавары і паслугі), ч. 4 арт. 16 і ч. 3 арт. 426 КК (арганізацыя перавышэння службовых паўнамоцтваў), чч. 1 і 2 арт. 431 КК (дача хабару).
Усім фігурантам, службовым асобам прадпрыемстваў сістэмы ЖКГ, выстаўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 426 КК (перавышэнне службовых паўнамоцтваў). Таксама дзеянні шасцярых з іх кваліфікаваныя па арт. 430 КК (атрыманне хабару), а аднаго, акрамя іншага, і на падставе ч. 1 арт. 427 КК (службовы падлог).
Да арганізатара супрацьпраўных дзеянняў і чатырох дырэктараў прадпрыемстваў сістэмы ЖКГ прымененая мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.
Падчас следства фігурантамі пакрыты ўрон, прычынены супрацьпраўнымі дзеяннямі, на суму 64,6 тысяч рублёў, накладзены арышт на іх маёмасць больш як на 569 тыся рублёў.
У адрас Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі следствам накіравана прадстаўленне аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія спрыялі ўчыненню злачынстваў. Сярод іншага ў ім выкладзеныя прапановы аб забеспячэнні сістэматычнага кантролю за правядзеннем падпарадкаванымі арганізацыямі закупак тавараў, а таксама аб выключэнні выпадкаў лабіравання інтарэсаў канкрэтных юрыдычных і фізічных асоб.
Акрамя таго, прадстаўленні накіраваныя ў Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі і шэраг раённых выканаўчых камітэтаў краіны.
Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.