Адмена дэкрэта №1 – гэта адступленне ўладаў



Гэта цвік у так званую сацыяльную дзяржаву, якой ганарыцца Аляксандр Лукашэнка. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька пракаментаваў падпісанне дэкрэта №1, які скіраваны на садзейнічанне занятасці насельніцтва ды скасоўвае ранейшы дэкрэт, што ў народзе называюць „аб дармаедстве”.

У дакуменце, сярод іншага, гаворыцца, што з 1 студзеня 2019 года беспрацоўныя працаздольныя беларусы будуць аплачваць датаваныя дзяржавай паслугі па іх поўнай цане. Так званай сацыяльнай дзяржавы ўжо няма, заўважае Анатоль Лябедзька:

– Натуральна, што гэта ўжо зусім іншая канцэпцыя і іншая стратэгія. Дэкрэт №3 быў запраграмаваны на такі сацыяльны выбух, асабліва калі гэта перайшло ў рэчышча практычнай рэалізацыі. Калі да вас прыходзяць людзі з падаткавай інспекцыі і гавораць: „Плаці”, а ты не ведаеш за што і навошта, то, канешне, гэта цябе абурае і можа давесці да больш радыкальных дзеянняў. Улады гэта зразумелі, яны адступілі, але разам з тым не знікла ідэя з гэтай авечкі штосьці састрыгчы.

Улады мінімізуюць пагрозу пратэстнага выбуху. Разам з тым гэта цвік у труну сацыяльнай мадэлі, мадэлі сацыяльнай дзяржавы, якая нібыта была заваёвай, міф пра які шмат гаварылі. Паглядзім, што там у красавіку яны напішуць, якія паслугі падпадаюць пад аплату, або самае простае – гэта медычныя паслугі. У чалавека няма чым заплаціць, ён ляжыць на вуліцы і памірае. Пра гэта напішуць усе сродкі масавай інфармацыі – гэта можа быць новая справа Коржыча, толькі ў нейкім новым афармленні.

Каментуючы новы дэкрэт, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заўважае, ўлады ўсё ж адступілі і дэкрэт скіраваны на тое, каб сгасіць пратэстныя настроі.

Намеснік старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч:

– Дзяржава, у выглядзе кіраўніцтва ці вышэйшых чыноўнікаў, не разумее, што ні гэтым яна павінна займацца. Яна павінна займацца стварэннем працоўных месцаў, павінна дапамагаць чалавеку. Тут нібыта скарэктавалі і назвалі больш-менш прыгожа „Аб садзейнічанні занятасці”. Будуць нейкія камісіі створаны з мясцовых чыноўнікаў, якія будуць разбірацца. Гэта паказвае тое, што Лукашэнка сапраўды не хоча браць на сябе адказнасць за той правал, які быў з дэкрэтам №3. Ён нібыта адкручвае гэта назад, ён аддае грошы, якія былі сплочаны, гэтым 10%, якія аплацілі гэты падатак раней. Гэта на год яшчэ ідзе адтэрміноўка, бо пачне дзейнічаць з 2019 года. Як гэта спрацуе, тут яшчэ ніхто не ведае, бо гэта можа спрацаваць яшчэ горш.

Тое, што мы бачым у гэтым дэкрэце №1 – гэта ЛТП, гэта паслугі, якія яшчэ не вызначыліся, але вызначацца, і што гэта будзе. Як гэта суаднесці наогул, калі чалавек не карыстаецца, напрыклад, медычнымі паслугамі наогул, ці не хоча карыстацца дзяржаўнымі медычнымі паслугамі, а будзе лячыцца за мяжой або ў прыватных медычных цэнтрах. Тое самае, калі яму непатрэбныя, напрыклад, дзіцячыя дашкольныя ўстановы. Як вызначыць гэтыя крытэры? Усё ж такі ўлада ўсё роўна ідзе не па тым шляху, па якім трэба.

Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі:

– Відавочна, што ўлады адступілі. Памятаем, што Аляксандр Лукашэнка фактычна загадаў той дэкрэт №3 замарозіць. Разам з тым ён цягам года цвердзіў, што дэкрэт не скасаваны, што будзе нейкая новая рэдакцыя. На мой погляд, амбіцыі ўладаў згулялі з імі такі злы жарт, бо новы дакумент хоць і не такі выбухова-небяспечны, але разам з тым на версе вялікія начальнікі не адмовіліся ад гэтай вельмі сумнеўнай ідэі, хоць нешта з так званых дармаедаў садраць. Усё адно будзе абурэнне, можа не будзе масавых пратэстаў, але і любові да ўладаў гэта не дадасць. Напярэдадні новых электаральных кампаній гэта гледзішча беларускага кіраўніцтва мякка кажучы недальнабачна. Гэта той выпадак калі ўпартасць вартая лепшага ўжывання. Я думаю, што ўлады яшчэ сербануць ліха з гэтым новым дакументам. Іншая рэч, што тут ужо цэнтральная ўлада больш хітра робіць і перакладае асноўную адказнасць на мясцовую вертыкаль, якой цяпер давядзецца чухаць рэпу, пыхкаць і думаць, як гэтых дармаедаў уладкаваць або садраць з іх гэтыя дадатковыя грошы.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя