„Вясна” лічыць прэтэнзіі да сайта charter97.org беспадстаўнымі



Праваабарончы цэнтр „Вясна” (аднайменнае грамадскае аб’яднанне было пазбаўленае дзяржаўнай рэгістрацыі ў 2003 годзе) лічыць прэтэнзіі Міністэрства інфармацыі да сайта „Хартыя-97” „беспадстаўнымі і абуральнымі”.

„Вясна” занепакоеная тым, што адбываецца ў беларускай інфармацыйнай прасторы. Праваабаронцы лічаць, што блакаванне сайта „Хартыя-97” з’яўляецца „недапушчальным абмежаваннем права на свабоду выказвання”.

„Гэта грубае парушэнне міжнародных абавязацельстваў у галіне свабоды слова і наогул правоў чалавека, якое дапускаюць беларускія ўлады”, — гаворыцца ў паведамленні праваабарончага сайта spring96.org.

Старшыня праваабарончага цэнтра Алесь Бяляцкі адзначае, што сайт „Хартыя-97” адрозніваецца „высокай дэмакратычнай і патрыятычнай пазіцыяй”. „У той жа час Міністэрства інфармацыі ніякім чынам не абмяжоўвае тыя антыбеларускія інфармацыйныя рэсурсы, якія сапраўды пагражаюць нацыянальнай бяспецы, фактычна з’яўляюцца інфармацыйнай зброяй і размешчаны пераважна ў Расеі”, — сцвярджае Бяляцкі.

„Інфармацыйная палітыка сайта „Хартыя-97” была вызначана ад пачатку заснавання рэсурсу, і апошнія захады ўладаў па яго блакаванні — даволі небяспечны сігнал. „Хартыя-97″ заўсёды займала бескампрамісную пазіцыю, яны мелі свой погляд на грамадска-палітычныя падзеі, на развіццё Беларусі, што часам выклікала вялікія дыскусіі. Такая пазіцыя, безумоўна, мае права на існаванне. Калі беларускае грамадства хоча атрымліваць рознабаковую плюралістычную інфармацыю, мы павінны шанаваць права на свабоду выказвання думак. Мы ўсе розныя людзі, і ў грамадстве павінны гучаць самыя разнастайныя думкі”, — адзначыў праваабаронца.

На яго думку, сайт „Хартыі-97”, „як ніякі іншы з дэмакратычных інфармацыйных рэсурсаў, за час свайго існавання пацярпеў ад беларускіх уладаў”, у тым ліку гэта былі вобыскі і канфіскацыя абсталявання і маёмасці, зняволенне і крымінальны пераслед журналістаў.

„Барацьба з незалежнымі СМІ — небяспечны сігнал, звязаны з няўпэўненасцю уладаў у правільнасці сваёй эканамічнай і палітычнай пазіцыі. Замест таго каб рэагаваць на абгрунтаваныя крытычныя заўвагі і праводзіць змены па дэмакратызацыі ўнутранай сітуацыі ў Беларусі, наладжваць дыялог з грамадзянскай супольнасцю, улады па-ранейшаму выкарыстоўваюць гвалтоўныя метады затыкання ратоў незалежным журналістам і СМІ”, — лічыць Бяляцкі.

belapan.com