Ці гатовая ўлада адсвяткаваць 100-годдзе БНР разам з апазіцыяй?



Блакіроўка сайта “Хартыя-97” – гэта між іншым пасланне да апазіцыі, што ўлады не гатовыя да супольных дзеянняў. Напярэдадні святкавання 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі апазіцыя звяртаецца да ўладаў з прапановай супольнага святкавання. “Чарговы наступ на свабоду слова сведчыць, што ўлада не гатовая да супрацы”, – кажа рэдактар сайта “Хартыя-97” Наталля Радзіна:

– Мы таксама пісалі аб гэтым як пра свята і давалі матэрыялы, у якіх актывісты апазіцыі заклікалі ўладу адсвяткаваць гэты дзень разам. І напэўна гэта можна разглядаць і як адказ уладаў на прапанову апазіцыі. “Хартыя” заўсёды адстойвала ідэі незалежнай Беларусі, больш таго, яна заўжды змагалася з пуцінскай прапагандай. І ў гэтай сітуацыі тут Лукашэнка здае пазіцыі перад Масквой.

“Прынамсі не перашкаджайце”, – кажа намеснік старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч. Ён мяркуе, што на супрацоўніцтва не варта спадзявацца:

– Калі ўлада пагаджаецца на нейкі супольны фармат, ці дазваляе крыху больш, чым яна рабіла раней… Прынамсі, я чакаю, што хаця б не будзе такога брутальнага разгону, як было ў мінулым годзе, калі проста немагчыма было на гэта ўсё глядзець, калі ўсё было перакрыта, сілы былі сцягнутыя такія, што здавалася, вайна ў краіне адбываецца. Вось гэтага не павінна быць.

Аргкамітэт “Свята незалежнасці” да 100-годдзя БНР падаў заяўку сталічным уладам. Дакумент падпісалі 13 партый і арганізацый.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя