Заклікаем забяспечыць грамадзянам вольны доступ да інтэрнэту



Улады нясуць адказнасць за забеспячэнне бесперашкоднага доступу грамадзян да інфармацыі ў інтэрнэце, лічыць прадстаўнік АБСЕ па свабодзе СМІ Арлем Дэзір у сувязі з блакаваннем у Беларусі сайта charter97.org. Яго заяву распаўсюдзіла 26 студзеня прэс-служба АБСЕ.

„Паўторнае блакаванне доступу да сайтаў у Беларусі за апошнія некалькі месяцаў выклікае заклапочанасць і трывогу, — сказаў Дэзір. — Падобныя дзеянні наносяць шкоду рэалізацыі асноўных правоў чалавека на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, а таксама на свабоду СМІ”.

Дэзір падкрэсліў, што абавязацельствы ў межах АБСЕ, узятыя на сябе і Беларуссю, не дазваляюць „шырока трактаванаму паняццю „нацыянальных інтарэсаў” абмяжоўваць ажыццяўленне асноватворнага права чалавека на доступ да інфармацыі”.

Сайт „Хартыя-97” быў заблакаваны ўвечары 24 студзеня. Пры спробе зайсці на сайт з`яўляўся надпіс: „Калі вы бачыце гэтае паведамленне, значыць, адрас, на які вы спрабавалі трапіць, знаходзіцца ў спісах абмежаванага доступу паводле ўказа Прэзідэнта РБ № 60 ад 1.02.2010, пастановы Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце РБ № 4/11 ад 29.06.2010, дэкрэта Прэзідэнта РБ № 6 ад 28.12.2014 і пастановы Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце РБ і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі № 6/8 ад 19.02.2015”.

У некаторых выпадках загружалася паведамленне „Вэб-старонка недаступная” альбо „Гэтае злучэнне з`яўляецца несапраўдным”.

На наступны дзень Мінінфарм растлумачыў, што на рэсурсе размяшчаліся артыкулы з указаннем даты і месца правядзення масавага мерапрыемства, дазвол на правядзенне якога на момант размяшчэння публікацыі атрыманы не быў. Яшчэ адной падставай для прыняцця рашэння аб абмежаванні доступу стала распаўсюджванне праз сайт charter97.org інфармацыйнай прадукцыі, якая рашэннем суда прызнаная экстрэмісцкай.

„Блакаваннем незалежнага сайта, у якога найбольшая колькасць наведвальнікаў, нанесены чарговы ўдар па свабодзе слова ў Беларусі. Дваццаць гадоў з намі змагаліся ўлады шляхам розных рэпрэсій: ад блакаванняў да арыштаў і забойстваў журналістаў. Мы будзем абараняцца, у тым ліку на міжнародным узроўні”, — заявіла БелаПАН рэдактар сайта Наталля Радзіна. Паводле яе слоў, у даменную зону .by „Хартыя-97” пераходзіць не будзе.

14 снежня мінулага года Мінінфарм заблакаваў доступ да сайта „Беларускі партызан” (belaruspartisan.org). У выніку маніторынгу гэтага рэсурсу было выяўленае „сістэматычнае парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі”. „На гэтым інфармацыйным рэсурсе, размешчаным за межамі нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт, рэгулярна размяшчаюцца матэрыялы, у якіх змяшчаецца забароненая інфармацыя”, — паведаміў тады Мінінфарм.

17 снежня сайт аднавіў працу, зарэгістраваўшыся ў даменнай зоне .by.

belapan.by