Два з паловай кандыдаты на акругу



Такая канкурэнцыя сёлета зафіксавана ў межах мясцовых выбараў на Берасцейшчыне. Пра гэта паведаміў незалежны назіральнік Уладзімір Вялічкін. Самы высокі конкурс – амаль тры чалавекі на месца – у берасцейскі гарадскі Савет дэпутатаў. Эксперт адзначыў, што такія лічбы сведчаць пра нізкі ўзровень цікавасці людзей да выбарчага працэсу:

– Два з паловай кандыдаты – гэта ўжо альтэрнатыва, бо больш за аднаго. Але гэта нагадвае савецкія часы, калі мы абіралі адзінага кандыдата ад адзінага блоку камуністаў і беспартыйных, то бок сёння мы бачым, што выбаршчыкі ў Берасцейскай вобласці папросту не вераць у сам інстытут выбараў.

“Людзі проста не вераць, што выбары ёсць,” – звярнуў увагу Уладзімір Вялічкін. Паводле незалежнага назіральніка, апатыя, у тым ліку з боку выбаршчыкаў, выклікана фальсіфікацыямі, якія адбываюцца кожныя выбары.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце