Аляксандр Храпко папярэджаны за дзейнасць ад імя незарэгістраванай партыі



У Берасці аказваюць ціск на прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці. Сёння, 13 лістапада, афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці ўдзелу ў дзейнасці і выступу ад імя незарэгістраванай партыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі атрымаў грамадскі актывіст Аляксандр Храпко. Папярэджане вынесла пракуратура за подпісам намесніка пракурора па Берасцейскай вобласці, старэйшага дарадцы юстыцыі Аляксандра Точка.

У папярэджанні кампетэнтныя органы спасылаюцца на частку 3 артыкул 7 Закона Рэспублікі Беларусь ’’Аб палітычных партыях’’. Я не бачу ў сваіх дзеяннях правапарушэння, усё, чым я займаўся – рабіў карысныя для грамадства справы, – адзначыў Аляксандр Храпко:

– На колькі я зразумеў, у іх няма афіцыйных доказаў, і гэта было дзеянне, накіраванае на тое, каб папужаць мяне, каб я паразважаў над далейшым маім удзелам у справах беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў.

Аб дзейнасці ад імя незарэгістраванай партыі БХД берасцейскага актывіста Аляксандра Храпко пракуратура зрабіла высновы з матэрыялаў КДБ. У матэрыялах значыцца, што грамадскі дзеяч прымаў актыўны ўдзел у кампаніях ’’За малы памежны рух’’ і ’’Абаронім нашых дзяцей ад алкагалізму’’, што ініцыявалі прадстаўнікі арганізацыйнага камітэту па стварэнні партыі БХД.

Беларускае Радыё Рацыя