Хабарніцтва ў Беларусі набірае абароты



Паводле даных афіцыйнай статыстыкі, у 2017 годзе ў Беларусі зафіксаваны рост колькасці карупцыйных злачынстваў. Распаўсюджванню карупцыі, адзначаюць аналітыкі, спрыяе высокая доля дзяржуласнасці і актыўнае ўмяшальніцтва дзяржавы ў эканамічныя працэсы.

Так, летась было выяўлена 1 922 выпадкі хабарніцтва, што на 53,3% больш за паказчык 2016 года.

Рост колькасці выпадкаў хабарніцтва адзначаўся і ў 2016 годзе — на 12,8% у параўнанні з 2015-м.

Іншых злачынстваў карупцыйнага характару ў 2017 годзе таксама стала больш. Паводле даных афіцыйнай статыстыкі, зафіксавана 839 выпадкаў крадзяжоў шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (на 7,2% больш у параўнанні з 2016 годам) і 332 выпадкі злоўжывання ўладай або службовымі паўнамоцтвамі (на 22,5% больш).

Паводле ацэнкі прадстаўнікоў бізнесу, карупцыя застаецца досыць распаўсюджанай з’явай у Беларусі. Такое меркаванне выказалі ў 2017 годзе падчас апытання, якое праводзілася па замове Даследчага цэнтра ІПМ, траціна рэспандэнтаў (усяго было апытана больш за 400 прадстаўнікоў малых і сярэдніх прадпрыемстваў).

БелаПАН