У ДТЗ пад Валожынам загінулі жанчына-кіроўца і двое яе малалетніх дзяцей



Тры чалавекі загінулі і два атрымалі траўмы ў ДТЗ пад Валожынам ўвечары 28 студзеня.

Як паведамілі ва ўпраўленні ДАІ МУС Беларусі, каля 17.15 жанчына 1982 года нараджэння, кіруючы „Опелем-Зафірай”, на 62-м кіламетры аўтадарогі Менск — Ашмяны — мяжа Літвы, рухаючыся ў напрамку Менска, пры абгоне выехала на паласу сустрэчнага руху, не пераканаўшыся, што яна вольная. Пры спробе вярнуцца на сваю паласу кіроўца зачапіла правую па ходзе свайго руху ўзбочыну, не справілася з кіраваннем. Легкавы аўтамабіль выкінула на паласу сустрэчнага руху пад аўтацягнік, які ехаў у напрамку Ашмян.

У выніку ДТЗ вадзіцель „Опеля” і двое яе дзяцей — дзяўчынка 2007 года нараджэння і хлопчык 2005 года нараджэння — загінулі.

Яшчэ двое дзяцей кіроўцы — дзяўчынкі 2012 і 2014 гадоў нараджэння, — якія знаходзіліся на другім шэрагу задніх пасажырскіх сядзенняў, атрымалі цялесныя пашкоджанні і былі шпіталізаваны ў рэанімацыю Валожынскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Стаж кіравання вадзіцеля легкавога аўтамабіля складаў 3 гады. На машыне былі ўсталяваныя ўсесезонныя шыны. Усе ўдзельнікі дарожнага здарэння былі прышпіленыя рамянямі бяспекі, а выжыўшыя малалетнія знаходзіліся ў дзіцячых аўтамабільных крэслах.

belapan.by