Алег Дашкевіч паказаў свае фільмы ў Варшаве



Рэжысёр-дакументаліст Алег Дашкевіч паказаў свае фільмы ў Варшаве. Сярод іншага, публіцы прадэманстравалі нашумелы відэа-блог “Мовай па печані”, а таксама дакументальны фільм “Маналёгі”.

У сваім выступе рэжысёр закрануў тэму актуальнага стана беларускага грамадства, гаворыць Алег Дашкевіч:

– Гэтая дыпрэсія, якая цягнецца з 1995 года, з таго часу, як у нашай краіне памянялі герб і сцяг. Усе астатнія змены, Канстытуцыя, – гэта ўсё ерунда. Таму што тады мы сягнулі дна.

Алег Дашкевіч пагаджаецца з думкай аб тым, што ўлады праводзяць лагодную беларусізацыю:

– Лагодная беларусізацыя ёсць. Але яна не мае зваротнага шляху. Гэта тактычныя гульні. А матрыцу гэтай улады, якая зроблена пад аднаго чалавека, не пераменіш ніяк. І ў гэтым ніякіх ілюзій не мае быць. Гэта калгасны рэжым, жорстка правінцыйны.

Cустрэча прайшла ў Беларускім Доме ў Варшаве. Пасля прагляду фільмаў адбылася дыскусія паміж аўтарам і гледачамі. Алег Дашкевіч быў рэжысёрам такіх дакументальных стужак як: “Маналёгі”, “Выбар”, “Рыцары мары” ды іншыя.

Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя