На перакрыжаванні Прытыцкага і Пушкіна зноў не працуюць святлафоры



На перакрыжаванні вуліц Прытыцкага і Пушкіна, дзе 29 студзеня ўтварыўся велізарны затор, зноў не працуюць святлафоры. Аднак рухам сёння займаецца рэгуліроўшчык. Пра гэта «Еўрарадыё» паведамляюць слухачы.

Галоўны прараб дыспетчарскай службы СМЭП Менгарвыканкама, якая адказвае за працу святлафораў у Менску, кажа, што ліквідуюцца непапраўнасці кабелю:

„Гэты святлафор зламаўся другі раз за год. Так, учора ён не працаваў дзве гадзіны. Але мы мусілі даехаць туды — гэта паўгадзіны, разабрацца, у чым справа, пратэставаць апаратуру”, — кажа Андрэй Ксянзоў.

Па словах відавочцаў, ДАІ прыехала на месца затору толькі пасля таго, як запрацавалі святлафоры. З чым звязаная такая няспешнасць, высветліць пакуль не атрымліваецца — тэлефоны прэс-службы ДАІ сёння маўчаць.

А вось на пытанне, чаму рамонт святлафора адбываецца ўдзень, а не ўночы, калі вуліцы горада пустыя, у дыспетчарскай СМЭП адказваюць шчыра:

„Звычайна ўночы людзі спяць. У нас таксама жывыя людзі, а не робаты, працуюць. Наш працоўны дзень — да 17 гадзін”.