Павел Клімкін: Кіеў не будзе адваёўваць Данбас



Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін заявіў пра адмову ўкраінскіх уладаў адваёўваць рэгіёны на ўсходзе Украіны, якія кантралююцца прарасейскімі сепаратыстамі. Пра гэта ён паведаміў нямецкай газеце „Rheinische Post”. „Такая ваенная аперацыя закранула б таксама і грамадзянскае насельніцтва, нашых украінскіх суграмадзян”, -паведамляе DW. Украіна мае намер аднавіць свой уплыў на непадкантрольныя тэрыторыі Данбаса не ваеннымі, а палітычнымі сродкамі.

Павел Клімкін падкрэсліў, што ўрад Украіны мае намер і далей прытрымлівацца рэжыму спынення агню і працягваць пошук палітычных рашэнняў у канфлікце. У выпадку калі падтрымліваемыя Расеяй сепаратысты зноў пачнуць атакаваць пазіцыі ўкраінскай арміі, яна дасць ім дастойны адпор, так як за апошні час яе баяздольнасць істотна ўзрасла, сказаў Клімкін.

Фота Reuters