Яўген Афнагель: Улады атрымаюць адваротны эфект
Грамадскі актывіст Яўген Афнагель распавёў, чым небяспечна для незалежных СМІ гісторыя з блакаваннем сайта “Хартыя 97”.
Яўген Афнагель: «Хартыя’97» заўсёды пісала пра вулічныя пратэсты, задавала нязручныя для ўладаў пытанні, асвятляла праблемы, якія, на жаль, часам замоўчваліся тымі СМІ, рэдакцыі якіх размешчаныя на тэрыторыі Беларусі. Фактычна, гэта прызналі і ў Міністэрстве інфармацыі. Адна з прэтэнзій да сайта – тое, што ён размяшчаў артыкулы з указаннем даты і месца акцый. Таму блакаванне «Хартыі’97» – гэта выразны сігнал усім СМІ: не пішыце пра пратэсты, пра апазіцыю, не крытыкуйце рэжым. І мы бачым, што многія выданні ўжо зараз увялі самацэнзуру і стараюцца не ўзгадваць пра падрыхтоўку, напрыклад, да святкавання Дня Волі 25 сакавіка.
РР: Але сёння пры жаданні лёгка можна абыйсці любую блакіроўку сайта… Няўжо гэта такая вялікая праблема для чалавека, які жадае знайсці неабходную інфармацыю?
Яўген Афнагель: Так, абысці блакіроўку нескладана — ёсць Opera, Tor і адпаведныя пашырэнні для іншых браўзераў, ёсць ананімайзеры і сацсеткі. Думаю, што ўлады, як гэта неаднаразова ўжо было, атрымаюць адваротны эфект ад свайго рашэння. Блакаванне «Хартыі’97» моцна сапсавала і без таго дрэнны імідж рэжыма і дало старт кампаніі салідарнасці і з сайтам, і, агулам, з беларускімі незалежнымі журналістамі, як на тэрыторыі краіны, так і за мяжой. Кожны дзень гучаць заявы ў падтрымку «Хартыі’97», з’яўляюцца улёткі і графіці, людзі абураюцца ў сацсетках, распавядаюць, як абысці блакаванне, распаўсюджваюць інфармацыю з сайта. Чым раней улады адменяць сваё рашэнне, тым менш ім гэта памылка будзе каштаваць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя