Інфашум



Бываюць падзеі, значнасць якіх заўважная не адразу. Але яны мяняюць з часам свет і нашае ўяўленне пра яго. Або спачатку нашае ўяўленне а пасля свет. Не ў гэтым сутнасць. Ад перамены складаемых сума не мяняецца. І ўжо толькі пасля, як высвятляецца веліч і патрэбнасць зробленага, розныя фундацыі пачынаюць шукаць таго, хто гэта пачаў. Каб аддаць яму належнае. Але зноў жа гэта не галоўнае. Бо звычайна знаходзяць не тых. Важна што сапраўднае перамагло фальшывае, ці як у нашым выпадку праўда перамагла хлусню.

Гэта я пра вельмі цікавую знаходку журналістаў RTVі, вартую ўвагі усіх іншых СМІ, якія дбаюць пра дасканаласць і праўдзівасць сваёй прадукцыі. На іх тэлеканале і сайце, як такое выратавальнае кола з інфармацыйнага віру, дзе разабрацца што праўда, а што хлусня бывае не пад сілу нават спецыялістам, цэлая рубрыка з’явілася. Так і называецца – інфашум. У ёй аналізуюцца нашумеўшыя ў СМІ падзеі і заявы, значнасць якіх моцна перабольшваецца і разбіраюцца тыя “навіны”, якія навінамі і не з’яўляюцца насамрэч, а толькі прыкідваюцца такімі. І каб надаць важнасць гэтай рубрыцы адмыслова падкрэсліваецца, што паколькі такі аналіз сур’ёзная справа і адлюстроўвае погляд усёй рэдакцыі, то яе вядзе галоўны рэдактар RTVі Аляксей Півавараў.

Чаму хочацца звярнуць увагу на гэтую рубрыку не толькі тых фундатараў, якія шукаюць каго і за што ўзнагародзіць, але і ўсіх, хто падае інфармацыю. Бо часамі падаецца такая інфармацыя, якую хіба што не чытаў сам яе стваральнік. Нават тады, калі пісаў. А ўжо што ён не задумваўся як яна паўплывае на чытача, дык гэта дакладна. І гэта ў лепшым выпадку. Бывае горш, калі аўтар задумваецца.

А гэта ж СМІ! Я яшчэ дзіцянём убачыў іх татальны ўплыў на свядомасць грамадства, калі спрачаліся дзве суседкі ў маёй вёсцы. Адна нешта старалася даказаць, а другая гэта высмейвала як небыліцу і падман. І аніякія аргументы не маглі яе пераканаць, пакуль першая не заявіла, што “гэта па радзіве казалі”. Так яна называла радыё. І не важна, што яна не ведала як правільна вымаўляецца назва інфармацыйнага перадатчыка, бо другая суседка адразу перастала спрачацца. Маўляў, раз казалі па “радзіве”, то так яно і ёсць.

На шчасце з гадамі я даведаўся, што тое, што гаварыла нам тады савецкае радыё, было суцэльнай хлуснёй. І дзякуй Богу яго больш не існуе, таго “радзіва”. Прапала яно. А вось хлусня засталася. І на радыё, і на тэлебачанні і ў іншых варыянтах СМІ прысутнічае і квітнее. Асабліва ў дзяржаўных. Асабліва ў нас. Там, дзе ў асноўным ідзе не інфармацыя, а прапаганда. І ў дадатак яшчэ не свая, а іншай дзяржавы. Зрэшты, і не толькі ў дзяржаўных! І як з гэтым змагацца? Казаць што гэта няпраўда? Можна паспрабаваць. Гэта нават можа часам і спрацаваць. Але іншым разам для многіх спажыўцоў інфармацыі гэта будзе выглядаць як спрэчка тых дзвюх вясковых суседак. Ідзі разбярыся, хто з іх маніць.

А маняць часамі не толькі, каб затуманіць народу мазгі, але бывае проста для таго, каб інфармацыйная прадукцыя была запатрабаванай спажыўцом. Нібыта і праўдзівы факт апісваюць, але загаловак прыдумаюць такі “прывабны”, што мяняе сутнасць падзеі наадварот. Ідзе пагоня за наведвальнасцю. Змаганне паміж СМІ за колькасцю банальных фактаў заходу на іх інтэрнэт старонку. І гэтая колькасць стала галоўным індыкатарам паспяховасці СМІ. Не дакладнасць інфармацыі, хай сабе для нямногіх чытачоў, але для тых, хто сапраўды цікавіцца дадзенай тэматыкай, не важнасць нейкай інфармацыі, на пошук якой трэба згубіць гады, а колькасць наведвальнікаў. Хай сабе і тых, хто проста зайшоў паўзірацца на аголены азадак нейкай кіназоркі.

Вось і заманьваюць гэтых наведвальнікаў як у пастку хто чым можа. Хто перакручанымі загалоўкамі, хто голымі азадкамі, а іншыя і ўвогуле адмыслова прыдуманым для гэтага падманам. Таму сёння вельмі трэба з інфармацыйнага поля адсейваць інфашум. А з гэтай рубрыкі “інфашум” тэрмінова рабіць асобны жанр.

Бо ў адваротным выпадку можа стацца так, што ў хуткім часе прыйдзецца ўжо ў татальным інфашуме шукаць хоць нейкае падабенства праўдзівай інфармацыі.

Віктар Сазонаў        

Беларускае Радыё РАЦЫЯ