У Воршы забаранілі канцэрт Сержука Доўгушава
Сяржук Доўгушаў і Аляксандр Ясінскі на люты распланавалі тур па Беларусі з прэзентацыяй альбома “Дарогі”. Аднак у Воршы канцэрт адмяняюць ужо трэці раз.
Пасля Гарадскога цэнтру культуры прымаць вядомых артыстаў адмовілася Дзіцячая школа мастацтваў № 2. Не дапамагло нават тое, што пра канцэрт дамаўляўся нават дырэктар Белдзяржфілармоніі. Падрабязней пра сітуацыю кажа наш карэспандэнт Кастусь Багушэвіч:
– Пасля няўдачы з гарадскім цэнтрам культуры ўдалося дамовіцца з дзіцячай школай мастацтваў. Некалькі дзён усё было добра, аднак увечары 30 студзеня са школы патэлефанавалі і заявілі, што канцэрт не зможа адбыцца. Тлумачыць прычыны дырэктарка школы адмовілася. Ёсць інфармацыя, што забарону на канцэрт дала асабіста загадчыца аршанскага аддзелу культцры Ганна Святлова. Сяржук Доўгушаў называе ўжо трэцюю адмену канцэрту здзекам. Доўгушаў і Ясінскі маюць выступіць яшчэ ў Баранавічах, Берасці, Менску, Віцебску і Магілёве. Нідзе канцэртаў не адмянялі. Праблемы з выступам існуюць толькі ў Воршы.
Арганізатары канцэрту не пакідаюць надзеі на тое, што ўдасца знайсці прыватную пляцоўку для выступу. Аддзел культуры Воршы ўжо не ўпершыню забараняе канцэрты Сержука Доўгушава. Як падкрэслівае спявак, Ворша – адзіны горад Беларусі, дзе ўзнікаюць праблемы з выступамі, адбываецца гэта з-за ідэалагічных работнікаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Ворша