Драмтэатр у Беластоку захавае свайго патрона
Патрон драмтэатра ў Беластоку Аляксандр Вянгерка не павінен падлягаць пад закон аб дэкамунізацыі. Так сцвердзіў Інстытут нацыянальнай памяці ў адказе на пісьмо маршалка Падляшскага ваяводства. Змену патрона заяўляла ў сакавіку мінулага года група сяброў Сойміка з партыі «Закон і Справядлівасць».
Паводле гісторыкаў Інстытута нацыянальнай памяці, Вянгерка не ангажаваўся ў палітычную дзейнасць і не прапагандаваў таталітарнага ладу, кажа віцэ–маршалак Падляшскага ваяводства Мацей Жыўна:
– Няма падстаў вінаваціць Вянгерку ў супрацы з НКВД ці не на карысць польскай культуры. Якраз наадварот. Рэпертуар тэатра, сярод якіх „Вечар Міцкевіча», тая апека, якую ён даваў чальцам групы, ахоўваючы іх ад высылкі, – усё гэта дае яму добрае пасведчанне.
Аляксандр Венгерка ў 1940-1941 гг. кіраваў беластоцкім драматычным тэатрам. Здабыў грошы і разбудаваў будынак драмтэатра. На беластоцкай сцэне наладзіў пастаноўкі спектакляў Аляксандра Фрэдры ды Адама Міцкевіча.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток