Птушкафабрыка „Хальч” гатовая пайсці на міравое пагадненне
Птушкафабрыка „Хальч” гатовая пайсці на міравое пагадненне з работніцамі, інтарэсы якіх прадстаўляе незалежны прафсаюз работнікаў радыёэдектроннай прамысловасці. Паводле папярэдняй інфармацыі, прадпрыемства збіраецца выканаць усе патрабаванні двух работніц забойнага цэха.
Прававы інспектар РЭП Леанід Судаленка падкрэслівае, што іншага выніка ён і не чакаў.
– Стала вядома, што адна з ісціц была выклікана да дырэктара ў кабінет, і там яны дамовіліся, што да наступнага паседжання, якое мае адбыцца 1-га лютага, яны заключаць міравое пагадненне. Птушкафабрыка выплачвае ім па тры сярэднямесячныя аклады, то бок, на сто адсоткаў задавальняе патрабаванні работніц, а тыя адмаўляюцца ад сваіх патрабаванняў. Мы лічым гэта таксама перамогай, бо нашы патрабаванні ў судзе цалкам задаволены.
У канцы 2017 года, падчас рэарганізацыі акцыянернага таварыства „Хальч”, было заяўлена пра закрыццё забойнага цэха птушкафабрыкі. Некалькі работніц птушкафабрыкі ўступілі ў незалежны прафсаюз і падалі ў суд на працадаўцу. Апрацоўшчыцы птушкі Алена Катлярова і Ларыса Сарокіна дабіваліся звальнення па ўласным патрабаванні з выплатай грашовай дапамогі ў памеры 3 месяцовых заробкаў. Жанчын не задавальнялі ўмовы працы на прадпрыемстве, а таксама спробы начальства звольніць іх па заканчэнні кантракта.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель