Жаночая зборная Беларусі па баскетболе рыхтуецца да адказных гульняў



Баскетбалісткі зборнай Беларусі пачалі падрыхтоўку да двух дамашніх матчаў адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы 2019 года.

На трэніровачны збор, які прадоўжыцца ў Раўбічах да 4 лютага, трэнерскі штаб на чале з Наталляй Трафімавай запрасіў 13 ігракоў з беларускіх клубаў: Алёна Голубева, Ганна Брыч, Дар’я Семілетнікава, Дарына Бачкарова, Наталля Гарбачова, Марыя Філончык (усе – „Гарызонт”, Менская вобласць), Ксенія Малашка, Аляксандра Шаўчэнка, Настасся Сушчык, Кацярына Рыбалка (усе – „Цмокі-Мінск”), Арына Масько, Дар’я Магаляс (абедзве – „Алімпія”, Гародня), Юлія Васілевіч („Вікторыя”, Берасце).

Да работы з нацыянальнай камандай у якасці асістэнта галоўнага трэнера падключылася Вольга Падабед, якая ўзначальвае маладзёжную зборную Беларусі.

З 5 лютага нацыянальная зборная Беларусі перабазіруецца ў сталічны Палац спорту, дзе адбудуцца паядынкі кваліфікацыі жаночага Еўрабаскета-2019. 10 лютага беларускі сустрэнуцца з камандай Турцыі, а 14 лютага згуляюць з польскімі баскетбалісткамі. Да гэтых паядынкаў у Менск прыедуць асноўныя ігракі каманды, якія выступаюць у замежных клубах.

belta.by